Залатая яблынька — «Беларускія народныя казкі».
Жыў дзед і баба. І былі ў іх дочкі — дзедава дачка і бабіна дачка. Дзедаву дачку звалі Галя, а бабіну — Юля.
Баба сваю родную дачку песціла, даглядала, а дзедаву ў чорным целе трымала і ўсё шукала прычэпкі, каб са свету яе звесці.
Пайшоў аднойчы дзед на кірмаш, купіў бычка-трацячка. Прывёў дахаты і кажа дочкам:
— Будзеце пасвіць яго па чарзе — адна дзень і другая дзень.
Пагнала ў першы дзень бычка на пашу дзедава дачка. Злая мачыха дала ёй верацяно і мех кудзелі.
— Глядзі, — кажа, — каб за дзень усю кудзелю спрала, кросны выткала, палатно выбеліла і ўвечары дамоў прынесла. А калі не зробіш — не жыць табе.
Вывела Галя бычка з хлява, пагладзіла па шыі і пагнала на пашу. Гоніць, а сама горкімі слязьмі заліваецца. Бычок пытаецца:
— Дзеўка-дзявіца, русая касіца, чаго плачаш?
— Як жа мне не плакаць, бычок? Загадала мне мачыха мех кудзелі спрасці, кросны выткаць, палатно выбеліць і ўвечары дамоў прынесці… Ці ж зраблю я гэта за дзень?
— Не плач, — адказвае бычок, — гані мяне на шаўковую травіцу, на свежую расіцу, там мы што-небудзь прыдумаем.
Прыгнала Галя бычка на шаўковую травіцу, на свежую расіцу. Наеўся бычок, напасвіўся, а потым і кажа:
— Цяпер кладзі мне ў правае вуха кудзелю і верацяно. А сама хукні ў левае вуха і глядзі, што будзе.
Палажыла Галя бычку ў правае вуха кудзелю і верацяно, хукнула ў левае вуха і глядзіць. Аж там — кудзеля прадзецца, кросны ткуцца, палатно беліцца і ў сувой скочваецца.
Як усё было зроблена, выняла Галя гатовы сувой палатна і вясёлая пагнала бычка дахаты.
Злая мачыха сустрэла яе на двары:
— Ну што, спрала кудзелю?
— Спрала, — кажа Галя і падала ёй гатовы сувой палатна.
Мачыха аж за галаву хапілася: такую работу зрабіла яе падчарка! А тут і суседкі прыйшлі — дзівяцца, якое тонкае палатно выткала Галя. Усе хваляць яе, не нахваляцца.
Прыйшла чарга гнаць бычка бабінай дачцэ Юлі. Дала ёй маці верацяно і паўмеха кудзелі.
— Спрадзі, — кажа, — дачушка, гэтую кудзелю і вытчы палатно яшчэ лепшае, чым выткала твая няродная сястра. Хачу, каб цябе людзі хвалілі, а не яе.
Узяла Юля тоўсты дубец і пагнала бычка. Гоніць ды ўсё хвошча яго дубцом. Бычок давай кідацца туды-сюды, а Юля бегае за ім, кляне на чым свет стаіць. Бегала, бегала і верацяно згубіла.
Прыгнала яна бычка сяк-так на голы выган, палажыла кудзелю, а сама спаць уклалася. Бычок пабэрсаў кудзелю нагамі і ў гразь утаптаў.
Прачнулася пад вечар Юля, глядзіць — кудзеля ў гразь утаптана… Схапіла яна дубец ды давай бычка біць. Бычок пабег дахаты, і яна за ім з крыкам.
Дома маці пытаецца ў яе:
— Ну як, дачушка, зрабіла работу?
— Ды не, — кажа дачка.
— Чаму?
— Бычок вінаваты. Праз яго я верацяно згубіла, а потым яшчэ ён і кудзелю маю ў гразь утаптаў…
Узлавалася мачыха на бычка. Пайшла да дзеда і кажа:
— Зарэж, дзед, бычка!
— Ці не здурнела ты, баба? — здзівіўся дзед. — Навошта нам яго рэзаць?
Тут баба як затупае нагамі, як накінецца на дзеда з кулакамі:
— Калі не зарэжаш, дык я цябе выганю разам з тваёй дачкою!
Нічога не парадзіш — згадзіўся дзед зарэзаць бычка.
Пачула гэта Галя, пабегла ў хлеў да бычка, абняла яго за шыю і залілася слязьмі.
— Дзеўка-дзявіца, русая касіца, чаго ты плачаш? — пытаецца бычок.
Расказала яму Галя, што надумалася зрабіць злая мачыха.
— Не плач, дзеўча, — кажа бычок. — Лепш паслухай, што я табе параю. Як зарэжуць мяне, вазьмі маю печань і там знойдзеш залатое зярнятка. Пасадзі тое зярнятка ў садку каля хаты. Вось і ўсё.
Галя так і зрабіла, як сказаў бычок.
Вырасла з зярнятка яблынька з залатымі яблыкамі.
Хто ні ідзе ці ні едзе каля садка — усе дзівяцца з залатой яблынькі.
Ехаў аднойчы з вайны прыгожы малады гусар. Убачыў яблыньку і спыніўся. Працягнуў руку да яе каб сарваць залаты яблык. А яблынька — дзын, дзын, дзын! — і паднялася ўгору. Апусціў гусар руку — яблынька зноў стала на сваё месца.
Убачыла гэта праз акно Галя і кажа да мачыхі:
— Пайду я сарву гэтаму прыгожаму гусару адзін яблычак.
А мачыха як затупае на яе, як закрычыць:
— Я табе галаву сарву!
Схапіла яна Галю ды пасадзіла пад карыта, а ў садок паслала Юлю: няхай, думае, лепш родная дачка сарве гэтаму гусару яблыкі, можа, ён закахаецца ў яе…
Падышла Юля да яблынькі, а тая — дзын, дзын, дзын! — і паднялася ўгору. Узлавалася Юля, пачала яе лаяць апошнімі словамі.
А тут якраз па двары хадзіў пеўнік. Ускочыў ён на плот і кукарэкае:
— Ку-ка-рэ-ку! Дзедава дачка пад карытам схавана, а бабіна хоча яблыкі яе сарваць ды выйсці замуж за пана…
Пачуў гэта гусар, злез з каня і пайшоў у хату. Знайшоў там пад карытам дзедаву дачку. Як зірнуў на яе, дык і вачэй не можа адарваць: так яна яму спадабалася.
— Дзеўка-дзявіца, — пакланіўся ёй гусар, — сарві мне на памяць залаты яблык са сваёй яблынькі.
Падышла Галя да яблынькі — і ўсе яблыкі ўпалі да яе ног.
Сабрала яна іх у прыпол, прынесла гусару. Гусар падхапіў яе, пасадзіў на каня побач з сабою і павёз да сваіх бацькоў.
Дома яны згулялі вяселле і сталі жыць-пажываць у згодзе ды ў ладзе. Нарадзіўся ў іх сын, ды такі прыгожы, што бацькі не нацешацца з яго.
Тым часам злая мачыха ніяк не магла спаць ад зайздрасці, што гусар не яе дачку, а дзедаву замуж узяў. І ўсё думала, як жа яе са свету звесці.
Аднаго разу кажа яна сваёй дачцэ:
— Схадзі ты, дачушка, да сястры ў госці. Пакліч яе з сабою купацца ды ўтапі…
Паслухала Юля маці, пайшла ў госці да сястры. Падгаварыла яе купацца. І кажа:
— Сядзь ты, сястрыца, на кладцы, я табе плечы памыю.
Села Галя на кладцы, а Юля скінула яе ў ваду і пабегла дахаты. Чакаюць дома Галю — няма. Малы сын плача, ніхто суцешыць не можа. Узяла яго нянька на рукі, пайшла ўздоўж рэчкі гукаючы:
— Галя, Галюся, твой маладзён плача, есці хоча. Куры спяць, гусі спяць, адзін ён не ўсыпаецца, маткі не дачакаецца…
І чуе яна голас з вады:
— Ой цяжка мне выйсці да сына: камень ногі падбівае, вада вочы залівае…
Пачуў малы сынок матчын голас і яшчэ мацней заплакаў.
— Ой іду, сынок, ой бягу, — адгукаецца маці. — Слухаць плач твой, сынок, не магу.
Выйшла маці з вады, накарміла сына, — ён і заснуў. А сама назад пайшла.
Вярнулася нянька дадому, расказала, што было каля рэчкі.
Назаўтра сам бацька ўзяў залаты яблык і сына ды пайшоў да рэчкі. Прыйшоў на бераг і гукае:
— Галя, Галюся, твой маладзён плача, есці хоча. Куры спяць, гусі спяць, адзін ён не ўсыпаецца, цябе не дачакаецца…
Пачула маці сынаў голас і адказвае:
— Ой іду, сынок, ой бягу: слухаць плач твой, сынок, не магу.
Выйшла яна на бераг, накарміла сына, — ён і заснуў. Тады муж дастаў з кішэні залаты яблык і даў жонцы. Як толькі ўкусіла яна залаты яблык — адразу апрытомнела.
Зарадаваўся муж, прывёў яе дадому. Сталі яны зноў жыць добра і шчасліва.
А злую мачыху з яе дачкою больш да сябе і на парог не пускалі.
Источник: https://be.wikisource.org