Кот і дурань — «Беларускія народныя казкі».
Было ў аднаго чалавека тры сыны. Два разумныя, а трэці — дурань. Захварэў іх бацька моцна і выжыць ужо не спадзяваўся. Перад смерцю раздзяліў ён сваю гаспадарку папалам двум разумным сынам. Дурань, бачачы, што яго бацька нічым не надзяліў, стаў тужыць і плакаць.
— Што ты, татка, мне пакідаеш? — кажа ён бацьку.
Падумаў-падумаў бацька ды кажа яму:
— Усё гаспадарства, сынок, раздзяліў я тваім старэйшым братам. Засталіся да падзелу толькі мой кот ды мазаная печ, што дзёгаць гналі. Няхай тады яны табе застануцца.
Дурань і за гэта падзякаваў.
Памёр бацька. Толькі пахавалі яго — разумныя браты дурня ў каршэнь ды за дзверы выштурхнулі! А за ім выкінулі і яго ката.
— Шукайце, — кажуць, — сабе хлеба, а мы гультаёў карміць не будзем!
І пайшоў дурань, заплакаўшы, у сваю бацькаўшчыну — мазаную печ. Лёг там на попеле, ката паклаў у галавах, каб сагрэцца. Ляжаў ён, ляжаў — захацеў есці — і давай крычаць:
— Есці хачу! Есці хачу! — схапіў ката і кажа. — Дык я цябе зʼем!
— Пачакай трохі, не еш мяне, — гаворыць яму кот. — Я табе прынясу паесці.
І пайшоў кот па стрэхах лазіць, ежы шукаць. Прынёс кілбас, накарміў дурня. Толькі дурань той наеўся, як стаў ізноў крычаць:
— А я жаніцца хачу!
Тут ужо і кот нічога не можа дарадзіць. Так дурань крычаў, пакуль зноў есці не захацеў. І так — кожны дзень. Згаладаецца — крычыць: «Есці хачу!». Падʼесць — крычыць: «Жаніцца хачу!». Нават біць ката стаў!
— Трэба яго ажаніць, — кажа сам сабе кот. — Але ж як паказацца ў сваты з такім слупам у попеле? Хто за яго за такога пойдзе замуж?
Думаў-думаў кот і надумаўся. Пайшоў на сметнік кравецкі, назбіраў акрамоскаў розных і пашыў гаспадару свайму дурному адзенне. Потым пайшоў на сметнік шавецкі, назбіраў кавалачкаў скуры, кончыкаў дратвы, ды пашыў яму боты! Накарміў дурня, абмыў яго і адзеў у новыя ўборы. А ведама: прыбяры пень — дык і пень харош! Так і гэты дурань зрабіўся такі прыгожы, што хоць да каралеўны вядзі яго! Аж кот на яго залюбаваўся!
— Ну, пойдзем у сваты да нашага пана, — кажа дурню кот. — Ты заві сябе панам Папялінскім, бо ты ў попеле качаўся. Сядзі, як бы вялікі пан, нічога не гавары, галаву трымай роўна, а на сябе не аглядайся.
І пайшлі яны ў свет да пана. Прыйшлі. Пан аж дзіву даўся, убачыўшы такога ката, што ўмее гаварыць. Не так дзівіўся пан, як паненка, яго дачка. А кот расказаў, колькі ў пана Папялінскага маёнткаў, і што ён хоча з ёй ажаніцца. Згадзіліся нават з ахвотай! Але ж бацькі хацелі дазнацца, ці праўда тое, што кот расказвае пра маёнткі пана Папялінскага. І надумалі перад вяселлем зʼездзіць да яго ў госці. Сабралі суседзяў, пасадзілі дурня ў карэту і паехалі. А кот паперадзе пабег. Ехалі-ехалі, аж заехалі ў маёнткі Змея Гарынавіча. Пасвілі там пастухі вялікі-вялікі статак кароў. Кот, што паперадзе бег, і пытае ў іх:
— Чые вы, пастушкі?
— Змея Гарынавіча!
— Не кажыце, што Змея Гарынавіча, а кажыце, што пана Папялінскага! Бо ззаду за мною ідуць Гром з Перуном — забʼюць вас! Пастушкі так і зрабілі, калі іх паны запыталі, чые яны. Потым кот спаткаў конюхаў Змея Гарынавіча і іх застрашыў Громам і Перуном і таксама загадаў гаварыць, што яны пана Папялінскага. Яны так і сказалі на панскае запытанне. Бацька паненкі ад радасці рос, як на дражджах, што такі багаты пан мае быць яго зяцем! Прыбег кот аж у самы двор Змея Гарынавіча і крычыць:
— Хутчэй хавайцеся куды-небудзь, пане Змею, бо ляціць Гром з Перуном, забʼе вас і сатрэ на муку!
А Змей, вядома, баіцца Грому. Спужаўся!
— Ды куды ж, — кажа, — мне схавацца?
Сярод Змеева двара расла вялікая дуплістая ліпа.
— Лезьце хутчэй у дупло! — кажа кот Змею.
А той спудзіўся, нічога не разабраўшы, бо таксама невялікага розуму быў, і палез у дупло! Кату толькі гэтага і трэба было! Забіў дупло паленам і глінаю замазаў. Потым кот крычыць Змеевай дворні:
— Калі хочаце жывымі быць, дык не кажыце, што вы Змея Гарынавіча, а кажыце, што пана Папялінскага! Бо ляціць Гром з Перуном — забʼе вас, памалоціць, зацісне на горкі яблык!
Усе слугі вельмі папужаліся, а тым часам падʼязджаюць да двара вясельныя госці. Прыехалі на двор і дзіву даліся — так было ўсё прыгожа і па-панску прыбрана. Слугі выйшлі насустрач, павялі маладых у пакой. Там госці і вяселле згулялі! Гучнае было вяселле. Так і стаў дурань панаваць у Змеевым двары. Праўда, разумнейшым ён не зрабіўся. Але нашто багатаму розум? У каго грошай стае, дык і розум дае!
Источник: kazki.unicef.by/kazki.html