Кісель — «Беларускія народныя казкі»
Ажаніўся адзін хлопец і ўзяў сабе жонку з далёкай вёскі. Пажыў ён трохі з маладою жонкаю ды паехаў у госці да цешчы.
Цешча прыняла зяця як трэба: напаіла і накарміла ўсякімі стравамі. А на закуску паставіла кісель з цукрам.
Зяцю ўсё спадабалася. А найбольш кісель. Ніколі такой стравы ён яшчэ не еў: у іх вёсцы ніхто кісялю не варыў.
— Што гэта, маці, за кулеш такі смачны ў цябе? — пытаецца зяць у цешчы.
— Гэта не кулеш, зяцёк, а кісель, — кажа цешча.
— А ці ўмее ж мая Параска яго варыць?
— Дзіва што! Скажы ёй толькі — і яна наварыць.
Паехаў зяць дахаты, а каб не забыцца, як завецца гэты смачны кулеш, усё бубніў сабе пад нос: «Кісель, кісель…»
Па дарозе сустрэў чалавека. Той даў яму «добры дзень». Хлопец адказаў і адразу забыўся, як завецца кісель. Вярнуўся да цешчы.
— Забыўся, — кажа, — як зваць твой смачны кулеш…
— Кісель, зяцюхна, кісель.
— Дай мне яго, маці, лепш напаказ з сабою, а то я зноў забудуся.
Цешча ўзяла кубачак і наліла ў яго крыху кісялю. Узяў зяць той кубачак у правую руку і паехаў. Цяпер яму ўжо не было патрэбы бубніць сабе пад нос: кісель, кісель… «Вось, — думае зяць, — пакажу жонцы кубачак з гэтым куляшом, яна і здагадаецца, што трэба наварыць».
Тым часам едзе насустрач пан у брычцы. Убачыў яго хлопец і падняў па прывычцы руку, каб зняць шапку. А кісель з кубка — плюх! — і выліўся. Ды не ў воз, а за воз, у лужыну.
— А каб на цябе ліха, панок! — вылаяўся са злосці хлопец. — Праз цябе такую дарагую рэч упусціў…
Саскочыў ён з воза і давай боўтацца ў лужыне — кісель шукаць.
Пан спыніўся і пытаецца:
— Што ты, мужык, згубіў тут?
— Кажу ж табе: дужа дарагую рэч, — адказаў засмучаны хлопец.
Пан таксама злез з брычкі ды пачаў у лужыне плюхацца. «Калі знайду, — думае, — гэтую дарагую рэч, то трасцу аддам мужыку».
Плюхаліся яны, плюхаліся ў бруднай лужыне, але нічога не знайшлі.
Разагнуў пан спіну і кажа:
— А нех цябе дʼяблы возьмуць! Змясілі толькі дарэмна гразь на кісель…
Тут хлопец як падскочыць:
— Дзякуй, паночку: кісель, кісель! А сам хутчэй на воз ды па кані. «Варʼят нейкі», — падумаў пан і паехаў сваёю дарогаю.
Прымчаўся хлопец дахаты і да жонкі:
— Умееш кісель варыць?
— Чаму ж не.
— То хутчэй вары, а то я зноў забудуся, як ён завецца.
Источник: https://be.wikisource.org