Адкуль узяўся мядзведзь – «Беларускія народныя казкі».
Ці ведаеце вы, адкуль узяўся мядзведзь?
Мядзведзь раней быў такім жа чалавекам, як і мы. Людзей тады было мала, і жылі яны па лясах. Там палявалі на звяроў і птушак.
Улетку збіралі грыбы і ягады, капалі карэнне і запасілі на зіму. Але найбольш запасілі арэхі і мёд. Пчол тады было багата. Яны самі вадзіліся і ў дуплах, і ў зямлі — у норах.
Людзі шукалі пчол у дуплах, і хто першы знаходзіў, то абвязваў тое дрэва вяроўкаю, і ўжо ніхто не меў права іх чапаць.
Але жыў у той час адзін чалавек — гультай несусветны. Не хацелася яму самому шукаць пчол, дык ён выдзіраў чужыя.
Жылося таму гультаю някепска. Растаўсцеў ён на чужым мёдзе, як калода зрабіўся. Ды вось бяда: цяжка яму стала лазіць на дрэвы па мёд…
Пачаў ён думаць, што б такое зрабіць, каб лёгка было лазіць на дрэвы. Ды нічога не мог прыдумаць.
Дачуўся аднойчы гультай, што жыве за сямю лясамі ды за сямю балотамі такі чарадзей, які ўсё можа зрабіць.
«Пайду, — думае, — да яго. Можа, ён зробіць мяне лёгкім».
І пайшоў да таго чарадзея.
Ідзе лесам, бачыць — ліпа абвязана. Падышоў да яе, а там дупло зусім нізка, і ў ім поўна мёду.
Выдраў ён мёд з дупла, наеўся і пайшоў далей.
Ідзе, аж неўзабаве трапляецца другая абвязаная ліпа з пчаліным дуплом. Выдраў ён мёд і з гэтага дупла.
Ці шмат дзён ішоў ён, ці мала, нарэшце дайшоў да зямлянкі, дзе жыў той чарадзей. Пастукаўся ў зямлянку — ніхто не адчыняе: няма гаспадара дома. Сеў гультай, сядзіць. Аж бачыць — перад самым носам у яго ліпа з дуплом. Прывык гультай выдзіраць чужых пчол. Не стрымаўся і тут.
Толькі ён пачаў драць мёд і ўплятаць за абедзве шчакі, як бачыць — ідзе гаспадар.
Паглядзеў чарадзей на гультая, пакруціў галавою і кажа:
— Ну, чалавеча, за такую благую работу будзеш ты з гэтага часу толькі тое і рабіць, што драць пчол.
І перавярнуў чарадзей таго гультая ў мядзведзя.
Дык вось адкуль узяўся мядзведзь.
А хто не верыць — няхай зловіць мядзведзя і распытаецца ў яго, ці так гэта было, як казка кажа.
Источник: https://be.wikisource.org