«Заклятыя Скарбы» — Дзе цень сягае

Дзе цень сягае — Заклятыя Скарбы.

Калісьці пры дарозе з вёскі Войшыкі ў вёску Заячкі стаяла векавая ліпа. Вяршаліна старадрэвіны даўно засохла, а ніжнія галіны кожную вясну кучаравіліся маладзенькай лістотай. Людзі расказваюць, што ў даўніну тут сышліся ў зацятай бітве войскі. Біліся не на жыццё, а на смерць.

Убачыўшы, што яго войска пабегла пад варожым націскам, генерал схапіў паўнюткі куфар золата, прызначанага на аплату салдацкай службы, і закапаў непадалёку ад ліпы.

Шмат салдат загінулі ў той крывавай бітве. Сёння іх косці ляжаць побач з касцямі непрыяцеляў на старых могілках ва ўрочышчы Прыстань, што каля ракі Нарва. Яшчэ больш салдат трапіла ў палон і разам з генералам пайшло ў чужацкую няволю.

Мінулі гады. Тутэйшыя людзі не раз адпачывалі ў летнюю спякоту пад разлапістай прыгажуняй-ліпай, што расла на пагорку каля дарогі. I каб не генерал, які дажыў у чужыне да глыбокай старасці, ніхто не даведаўся б пра закапаны скарб.

Перад смерцю генерал пакінуў завяшчанне, дзе ўспомніў пра куфар з золатам. Нават удакладніў, што закапаны ён там, куды сягае цень ад прыдарожнай ліпы. Генералавы спачыннікі ўміг прыляцелі на месца колішняй бітвы. Адразу пачалі шукаць скарб.

Якраз была раніца, і цень ад старога дрэва сягаў вельмі далёка. Вывернулі яму ў чалавечы рост, а там нічагутка няма. Сонца тым часам паднялося вышэй, і цень перасунуўся на іншае месца. Давай яны зноў завіхацца з рыдлёўкамі. Не паспелі і па калені выкапаць, як цень перабраўся на новае месца…

Капалі спадчыннікі зямлю раніцай, капалі ў поўдзень і ўвечары, а цень кожны раз паказваў на новае месца. Капалі яны тыдзень, капалі месяц і аніяк не маглі натрапіць на скарб. I толькі тады, калі ад стомы ледзь валачылі ногі, уцямілі: ніколі не знайсці ім скарб, бо ў завяшчанні не сказана, у якую пору года і ў які час дня ён быў закапаны.

Сёння цень нікога не спакушае дакапацца да залатога скарба. Ад старасці ліпа зусім засохла і звалілася — невядома нават, дзе яна расла.

Источник: https://vk.com/wall-109420523_7645

Leave a Reply