Вялічкаўскае возера — Легенды Беларусі.
Даўным-даўно ля дарогі (цяпер шаша Ліда — Навагрудак) стаяла вялікая вёска Вялічка. Людзі жылі ў ёй багата. Толькі на канцы вёскі ад дарогі жыла бедная ўдава з маленькімі дзяцьмі.
Аднойчы ў вёску прыйшоў жабрак, стары сівы дзядок. Ён абхадзіў усе двары, але яму ніхто нават і скарынкі ў торбу не кінуў. Зайшоў дзед і да ўдавы. Ужо вечарэла, і дзядок папрасіўся нанач. Жанчына ласкава запрасіла старога сесці і дала павячэраць міску нішчымнай заціркі. На гэтую зацірку яна заварыла апошнюю жменю жытняй мукі. Жабрак застаўся начаваць.
Назаўтра жанчына ўстала і здзівілася: у хаце і ў каморы было многа хлеба і ўсяго другога. А дзед ёй сказаў:
— Выйдзі, кабета, з хаты з дзяцьмі і ідзі не аглядаючыся, хоць што-небудзь і пачуеш. Як аглянешся, то на месцы тваёй хаты вырасце груша.
Жанчына так і зрабіла. Толькі яна адышла за вёску, як пачула ззаду трэск, шум і енк людзей. Усё крышылася і ламалася. Вёска прапала, а на яе месцы ўтварылася возера, а замест хаты ўдавы на беразе возера стаяла груша. Жанчына павярнулася, хацела пайсці паглядзець, што здарылася, але ж адразу ператварылася ў камень.
На другі дзень людзі з суседніх вёсак бачылі, як з возера выплывалі аконныя рамы, дзверы і іншая хатняя дробязь. Людзі пачалі збіваць жэрдкі, каб памераць дно, але з вады чалавечы голас сказаў:
— Не мерай тычыною, бо памераеш галавою.
Усё ж такі самыя цікаўныя ўзялі доўгую вяроўку, прывязалі камень і апусцілі на дно. Дна не дасталі, а з вады пачуўся ізноў голас:
— Не мерай вяроўкаю, бо памераеш галоўкаю.
Адзін чалавек пры гэтым утапіўся, і яго як ні шукалі, не маглі знайсці, хоць возера было невялікае.
Цяпер на беразе Вялічкаўскага возера расце старая груша і ляжыць вялікі камень з адбіткам быццам бы жаночае рукі.
Источник: https://be.wikisource.org