Змееў камень — Заклятыя Скарбы.
Непадалёку ад вёскі Коўтава і Гогалеўкі, пры старой дарозе, што вядзеад Віркаў да Ігры, ляжыць Змееў камень, у якім ёсць акно і дзверы.
Старыя людзі расказваюць, што калісьці ў гэтым камені жыў аднагаловы змей. 3 выгляду — зусім як чалавек, нават гаварыць умеў па-чалавечы. I не было ў ваколіцы лепшага за яго краўца. Прынясуць людзі сукно, пададуць праз акно і просяць:
— Пашый, майстрок, абы надзець…
Змей такую абноўку справіць — на любое ігрышча не сорамна паказацца. За сярмягу грошы прыносілі. Змей не злаваўся, калі плацілі мала, усяго некалькі капейчын.
Але крый Божа сказаць яму:
— Майстрок, пашый што-небудзь, каб да царквы схадзіць.
Так пашые, што не знацьмеш, як апранаць: адзін рукаў на спіне прышыты., другога зусім няма… Ды яшчэ грошы назад шпурне, маўляў, падавіся сам імі!
I сталася так, што змей-красавец закахаўся ў дзяўчыну. Яна жыла ў вёсцы Бузер’і. Доўга хавалася яна ад страшыдла. Але ўрэшце скарылася і пайшла за яго замуж. Шмат хто з людзей бачыў: абернецца змей у дугу і ляціць над Лукомльскім возерам. Упадзе на зямл ю — абернецца ў чалавечае аблічча. I такі прыгажун, што вачэй не адвесці.
Аднойчы пасвіла дзяўчына ў нядзельку свінні на полі. Прыляцеў да яе змей, сабраў свіней у адзін статак і кажа:
— Пагладзь мяне па галаве, а я адпачну. Ды пільнуй, каб навальнічную хмару не нацягнула…
Лёг і заснуў. Мінула некалькі гадзін, і раптам насунулася вялізная хмара.
«Дакуль я буду слугаваць яму? — падумала дзяўчына. — Няхай спіць — пагляджу, што будзе…» — і не стала будзіць змея.
Бліснула маланка, загрукатаў гром. I толькі ён пракаціўся па небе — прачнуўся змей. Падхапіўся, як ашпараны, з зямлі і крычыць:
— Зжыла ты мяне са свету!..
I з усёй сілы пляснуў па дзявочым твары. На ўсё жыццё памятка засталася, так і памерла, няшчасная, з чорнай пяцярнёй на шчацэ. А сам змей перакуліўся ў дугу і паляцеў праз возера да сваёй каменнай хаціны.
Далёка не адляцеў — смальнуў па пярэваратню пярун. Так смальнуў, аж навокал усё затрэслася. А змею — хоць бы што. Калі змей быў пасярэдзіне возера, яшчэ мацней уперыў па ім пярун. I страшыдла, перакінутае ў дугу, шабултыхнула ў возера. Але ненадоўга, праз хвіліну-другую акрыяла: выхапілася з вады і далей ляціць.
Адзін стары чалавек з Бузер’я сваімі вачыма бачыў гэтае дзіва. Ён і падказаў людзям, што змей пераляцеў праз возера. Да каменнага жыТла рукою было падаць, калі па паганцу трэці раз пацэліў пярун. Тут ужо і прыйшоў лятучаму гаду канец.
— Шукайце яго ў полі, — параіў дзецюкам стары.
Пакуль дзецюкі шукалі страшыдла, тры дні і тры ночы не аціхаў дождж. Нарэшце знайшлі, закапалі гада ў зямлю. Дождж адразу спыніўся. Разышліся дзецюкі па хатах, а праз дзень з неба зноў лье, як з вядра. Прыбеглі на поле — ляжыць змей наверсе.
Мо тры ці чатыры разы закопвалі гада, а ён усё роўна выходзіў з-пад зямлі і кожны раз усё бліжэй аказваўся да свайго каменнага жытла. Бывалыя людзі казалі: каб пастаяла надвор’е, змей ажыў бы. Але дзякаваць Богу тады якраз задажджыла — штодня грымелі навальніцы, паўсюль паднялася дужа вялікая вада.
Потым таму бузерскаму старому прыснілася, што трэба склікаць малых дзяцей і папрасіць іх насіць у прыполіках пясок на паганае страшыдла. На дапамогу малым прывялі жарабят з прывязанымі да шыі торбамі. Мо з тыдзень цягалі яны пясок, і засыпалі-такі гада. Больш ён ужо не паказваўся.
I да сённяшняга дня на змеевай магіле стаіць курган.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_6951