Баннік — Заклятыя Скарбы.
Пайшла дзеўка замуж за старога чалавека. А сама смяецца з мужавай старасці, старым чортам яго называе.
Нарадзіўся ў іх хлопчык. Аднаго дня сабралася тая маладзіца ў лазню. I сына з сабою ўзяла. А мужу наказала:
— Ты, стары чорт, пасядзі каля лазні. Сыночка дамоў забярэш, бо я стамлюся…
Праз якую гадзіну памыла яна сына, адчыніла дзверы і пытаецца:
— Ты тут, стары чорт? — Тут! — Ну, дык вазьмі малога. — А, давай, давай…
Выпхнула, не гледзячы, за дзверы сына, а сама далей мыецца. Раптам чуе — муж крычыць:
— Давай хлопца! Хопіць табе яго шараваць!..
— Якога хлопца? — пытаецца маладзіца. — Я ж табе аддала сына!
— Калі?
Давай шукаць яны сыночка. I да сё’нняшняга дня не могуць яго знайсці. Аддала языкатая маладзіца сына старому чорту Банніку.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_7683