Юркаў Брод — Легенды Беларусі.
На поўдзень ад вёскі Мяжонка раскінулася велізарнейшае балота. У старыя, яшчэ паганскія часы на месцы яго знаходзіліся лугі, пашы, лясы, палі. І стаяла тут вёска Броньсевічы, у якой жылі добрыя, працавітыя людцы. І быў сярод іх адзін хлопец. Юркам яго звалі.
Каля самае вёскі працякала невялікая рачулка. Задумалі аднойчы чэрці запрудзіць рэчку, павярнуць яе плынь з поўдня на поўнач, каб усю гэту прыгожую, квяцістую зямлю ператварыць у гнілое, смярдзючае балота і ладзіць потым у багнявішчы свае чартоўскія шабашы ды ігрышчы.
Нацягалі яны камення, дрэў панаварочвалі — стварылі-такі запруду і назвалі яе Чортавай грэбляй. І стала рэчка разлівацца па лясах, палях, агародах, пачалі забалочвацца палі ды сенажаці.
Бачаць людзі — дрэнна будзе, калі не даць рады гэтай навале. Думалі яны, думалі… І нарэшце Юрка прыдумаў. Ён прапанаваў аднавяскоўцам выкапаць глыбокае возера, каб уся вада збеглася туды.
Уся прырода пачала дапамагаць людзям: звяры рылі зямлю, а птушкі ў дзюбах адносілі яе далей ад яміны. Значна пазней на тым высокім месцы, куды зносілася зямля, вырас лес, які людзі назвалі Высокі Бор.
Праз некалькі гадоў цяжкай працы возера было выкапана, яно, як і казаў Юрка, запоўнілася вадой. Лішак яе адводзіўся па канаве, выкапанай у абход чортавай грэблі да старога рэчышча. З цягам часу канава паглыбілася, пашырылася ў берагах і ператварылася ў сапраўдную раку.
І зноў людзям стала добра. Балота больш не наступала, заквітнелі сады, зазелянелі лугі, ураджай на агародах пачаў вырастаць яшчэ лепшы за ранейшы.
Але не хацелі змірыцца з гэтым і чэрці — змарнавалася іх праца, людзі жывуць шчасліва і ў дастатку. Раззлавалася нячыстая сіла і надумалася звесці са свету Юрку. А за ім і ўсіх вяскоўцаў.
Аднойчы, калі юнак гуляў ля рэчкі са сваёй каханай, чэрці знянацку накінуліся на яго. Юрка быў хлопцам не слабым. Магчыма, ён і адужаў бы нечысць, але ж надта шмат яе было. Спаўзлася адусюль.
Ратуючы каханую, Юрка загінуў. Укінулі чэрці яго цела ў рачулку, завалілі ламаччам, а зверху яшчэ і цяжкімі дрэвамі прыціснулі.
Дзяўчына паспела дабегчы да возера ды ад гора і страху — бо пасля расправы над Юркам нячысцікі кінуліся ўслед за ёй — скокнула ў ваду і ўтапілася.
І адразу ж возера стала сінім-сінім — як напоўненыя слязамі блакітныя вочы дзяўчыны.
З таго часу і завецца места, дзе загінуў хлопец, Юркавым Бродам, а возера паміж вёскамі Мяжонка і Дулебы — Блакітным. А вось ад Чортавай грэблі і знаку не засталося. Захавалася ў памяці людзей толькі адна назва.