Як курачка пеўніка ратавала — «Беларускія народныя казкі».
Жылі-былі курачка і пеўнік. Курачка яйкі несла, а пеўнік зярняткі здабываў, курачку частаваў. Выграбе з ямкі зярнятка і кліча курачку:
— Ко-ко-ко, Чубатка, знайшоў зярнятка!
Вось аднойчы выграб пеўнік вялікую бобінку.
«Ну, — думае, — гэтага зярняці курачцы не праглынуць, з’ем хіба сам».
Праглынуў — ды і падавіўся.
Паваліўся пеўнік, ногі задраў і не дыхае.
Падбегла да яго курачка:
— Што з табою, Пеця? Чаму ты ляжыш і не дыхаеш?
— Ой, — стогне пеўнік, — бобінкай падавіўся…
— Як жа цябе ратаваць, Пеця? — пытаецца курачка.
— Трэба, — шэпча пеўнік, — масла дастаць, горла змазаць.
— А дзе яго дастаць?
— У каровы.
Пабегла курачка да каровы:
— Карова, карова, дай масла!
— Нашто табе масла?
— Пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
— Добра, — кажа карова, — дам я табе масла. Але схадзі спярша да касцоў, папрасі сена.
Прыйшла курачка да касцоў:
— Касцы, касцы, дайце сена!
— Нашто табе сена?
— Сена — карове. Карова дасць масла. Масла — пеўніку, бо пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
Касцы кажуць:
— Схадзі да пекара, папрасі пірагоў. Пірагі мы з’ядзім, тады і сена накосім.
Прыйшла курачка да пекара:
— Пекар, пекар, дай пірагоў!
— Нашто табе пірагі?
— Пірагі — касцам. Касцы накосяць сена. Сена — карове. Карова дасць масла. Масла — пеўніку, бо пеўнік ляжыць і не дыхае: бобінкай падавіўся.
Пекар кажа:
— Збегай у лес, прынясі дроў, каб было на чым пірагі пячы.
Пабегла курачка ў лес і прынесла дроў.
Пекар напёк пірагоў.
Занесла курачка пірагі касцам. Касцы з’елі пірагі і накасілі сена.
Прынесла курачка сена карове.
Карова з’ела сена і дала масла.
Пеўнік змазаў маслам горла і праглынуў бобінку.
Праглынуў і зноў весела на ўвесь двор заспяваў:
— Ку-ка-рэ-ку! Чуб-чубатка — маладзец!
Тут і казцы канец.
Иллюстратор: Вячеслав Волынец.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_9053