Цясляр-самахвал

Цясляр-самахвал — «Беларускія народныя казкі».

Сабраўся адзін стары чалавек будаваць дом. «Сам я ўжо нядоўга пражыву на свеце,— думае,— дык няхай успамінаюць мяне добрым словам і дзеці і ўнукі».

Наняў ён старога цесляра і пачаў выбіраць месца для дома. Аблюбаваў добрае месца на ўзгорку, дзе з даўніх часоў ляжаў вялікі камень.

— Вось тут і будзе стаяць новы дом, — сказаў гаспадар цесляру.

Цясляр аснаваў дом так, што камень якраз застаўся на покуці пад вуглом.

Вывеў стары цясляр зруб, паставіў кроквы, прыбіў латы, прывязаў паплеціны.

Добры дом выходзіць! Радуюцца, гледзячы на новы дом, і гаспадар і цясляр.

І вось калі дом быў ужо траха не гатовы, трапіў аднекуль сюды другі цясляр, маладзейшы. Паглядзеў на дом і пачаў ганіць работу старога цесляра: і тое не так і гэта не гэтак… І вуглы быццам крывыя, і камень не на месцы. Так задурыў галаву гаспадару, што той і сам пачаў думаць: «А можа, і праўду кажа гэты малады цясляр».

— А скажы ж ты мне, — пытаецца гаспадар, — дзе і ў каго ты вучыўся цяслярству? Гаворыш ты складна, а ці ўмееш так і рабіць, як гаворыш?

— Э, — махнуў рукою малады цясляр, — няхай вучыцца той, у каго свайго розуму яе стае. А я і без навукі добра абыходжуся.

— Ну што ж, — кажа гаспадар, — калі ты такі разумны ды спрытны да цяслярскай работы, то зрабі лепш. Хто ж будзе ад дабра адмаўляцца.

І наняў ён новага цесляра дом дарабляць.

Пачаў гэты цясляр перарабляць тое ды іншае. Ды такога глупства нарабіў, што брыдка і людзям паказаць.

— Зраблю,— кажа цясляр,— перапынак. Замарыўся я на гэтай рабоце. Вельмі ж сапсаваў дом стары цясляр.

Кінуў будоўлю няскончанай і паехаў дахаты.

Тым часам стары чалавек памёр. Застаўся гаспадаром яго сын.

Тут неўзабаве зноў прыехаў малады цясляр.

— Трэба,— кажа,— дом нанава перабудаваць. Іначай нічога не будзе.

Падумаў малады гаспадар і кажа:

— Трэба дык трэба.

Зноў ухапіўся цясляр за работу. Разбурыў старую страху ды зрабіў новую — з рознымі цацкамі, пеўнікамі ды іншымі выкрутасамі.

Ідуць людзі, смяюцца.

— Гэта,— кажуць,— не дом, а пацеха!

Тады цясляр разбурыў сваю страху і зрабіў такую, як была.

Людзі перасталі смяяцца.

Потым цясляр узяўся перарабляць то адну сцяну, то другую, то вымаць падваліны, то прасякаць новыя дзверы. Нарэшце вывернуў з-пад вугла камень, які яму не падабаўся.

Пасля такой перабудовы дом і зусім набок пахіліўся. Вось-вось упадзе. Паставіў цясляр падпоры і кажа маладому гаспадару:

— Тут мала добрага матэрыялу. Трэба навазіць лепшага.

— Трэба дык трэба, — згадзіўся гаспадар. — Шкада ж пакідаць дом недабудаваным.

Пачаў цясляр вазіць лепшы матэрыял. Навазіў цэлую гару.

— Ну, цяпер дом будзе, як лялька,— цешыць цясляр маладога гаспадара.

І зноў ухапіўся за будоўлю. Выме са сцяны бервяно, уставіць новае, паглядзіць — не гожа! І зноў перарабляе сваю работу.

Мудрагеліць цясляр-самахвал, а дом так і стаіць недабудаваны.

Источник: https://vk.com/wall-109420523_10054

Leave a Reply