Як мужык гусей дзяліў — «Беларускія народныя казкі».
Жыў адзін бедны мужык. Зіму сяк-так перакідаўся. А прыйшла вясна — хоць зубы на паліцу кладзі. Адна гуска засталася, ды і тая худая.
— Занясу,— кажа мужык жонцы,— я гэтую гуску пану. Можа, ён дасць за яе крыху жыта. А там лебяда вырасце — як-небудзь і перакідаемся да новага хлеба.
— Добра,— адказвае жонка,— нясі. Нам з гускі мала карысці: без хлеба — і мяса не яда.
Зарэзаў бедны мужык гуску, аскуб і прынёс да пана.
— Што хочаш за яе? — пытаецца пан.
— Дорага з пана не вазьму,— адказвае мужык.— Дасі гарцы з два жыта…
Пан падумаў: гуска хоць і худая, але не дарагая.
— Ну, добра,— кажа,— куплю тваю гуску. Але падзялі ты яе на маю сям’ю.
— А якая ў пана сям’я? — пытаецца мужык.
— Я, пані мая, два сынкі і дзве дачкі. Мужык падумаў і кажа:
— Пан — галава сям’і, пану і выдзелім галаву. Пані — першая пасля пана асоба, ёй няхай шыйка будзе. Сынкі падрастуць трошкі ды пойдуць таптаць бацькоўскія дарожкі — ім няхай будуць ножкі. А дочкам — па крылу, каб хутчэй замуж з дому выляталі.
— А рэшту каму? — пытаецца пан.
— А рэшту мне. За тое, што падзяліў.
— Ну і хітры ж ты, мужык! — дзівіцца пан.— Удала падзяліў. Нічога не скажаш.
Аддаў пан мужыку гуску і яшчэ мех жыта ў прыдачу. Ідзе мужык дахаты, пасвіствае.
Даведаўся пра гэта яго сусед, багаты мужык. Схапіў ён пад пахі ажно пяць адкормленых гусак і — да пана.
— Вось,— кажа, засопшыся,— прынёс табе, панок, пяць гусак. Дай мне за іх пяць мяхоў жыта.
Пан кажа:
— Добра, дам табе пяць мяхоў жыта. Але падзялі ты гэтых гусак на шэсць душ маёй сям’і.
Дзяліў, дзяліў багаты мужык гусак — нічога не выходзіць. А тут якраз недалёка бедны мужык праходзіў. Пан паклікаў яго.
— Падзялі ты гэтых гусак,— кажа,— на шэсць душ маёй сям’і. Бо твой сусед зусім бесталковы — не можа падзяліць пяць гусак на шэсць душ.
Падумаў бедны мужык і пытаецца ў пана:
— Ці верыць пан у святую тройцу?
— А як жа! — адказвае пан.— Хіба ж я не каталік?
— Ну, дык будзем дзяліць. Пан, пані і гуска — святая тройца. Два панскія сынкі і гуска — яшчэ святая тройца. Дзве панскія дачкі і гуска — трэцяя святая тройца. А я і дзве гускі — таксама святая тройца.
— Ну, бачыш,— кажа пан да багатага мужыка,— як трэба дзяліць?
Аддаў пан беднаму мужыку дзве гускі, а багатага выгнаў вон.