Як Іван чарцей перахітрыў – «Беларускія народныя казкі».
Жыў дзед з бабаю. І было ў іх тры сыны. Бедна жылі, з хлеба на квас перабіваліся.
Памерла баба, а за ёю прыйшла чарга і да дзеда. Паклікаў бацька перад смерцю сыноў і кажа ім:
— Гаспадаркі я вам не нажыў, падзялю, што маю.
І даў старэйшаму сыну жоўтага катка, сярэдняму — жорны, а малодшаму, Івану, — вязку лык на лапці.
Падзяліў так сваю гаспадарку, а сам скора і памёр.
Пажылі трохі браты, з’елі бацькаў хлеб і пачалі думаць аб заработках.
Узяў старэйшы брат жоўтага катка пад паху ды пайшоў у свет работы шукаць.
Доўга ён ішоў ці коратка, аж у дарозе і ноч яго агарнула. Зайшоў ён у адну хату, просіцца пераначаваць. Яму кажуць:
— Ой, добры чалавек, у нас мышэй і пацукоў поўна — мы ад іх адбараніцца не можам. А цябе, свежага, яны і зусім з’ядуць.
— Нічога, — кажа падарожны, — можа, як і пераначую.
Пазалазіла гаспадарова сям’я спаць на палаткі, а падарожнік лёг на падлозе з катком.
Прачнуліся назаўтра гаспадары, бачаць — на падлозе цэлы груд мышэй і пацукоў, а каля падарожнага сядзіць нейкі жоўты звярок ды мурлыкае паціху.
У той старане людзі не мелі яшчэ катоў і нічога пра іх не ведалі.
Прысталі яны да падарожнага:
— А браток, а галубок, прадай нам свайго звярка!
— Не, — кажа падарожны, — звярок гэты не прадажны.
Далажылі тыя людзі пра дзіўнага звярка свайму цару. Паклікаў цар да сябе падарожнага. Пераначаваў падарожны ў цара адну ноч, — каток і там цэлую гару мышэй нацягаў. Цар аж вачам не верыць.
— Што хочаш бяры, — кажа падарожнаму, — а прадай нам свайго звярка.
— Абсып яго, цар, серабром, тады бяры.
Цару рабіць няма чаго — мусіў згадзіцца.
Узяў гаспадар свайго катка за пярэднія лапкі, паставіў на заднія.
— Цяпер сып! — кажа цару.
Цар усё сваё серабро высыпаў — і абсыпаў катка.
Забраў падарожны серабро ды пайшоў дадому. Пабудаваў сабе добрую хату, завёў гаспадарку, ажаніўся і жыве прыпяваючы,
Сярэдні брат паглядзеў на яго і кажа:
— Пайду і я з сваімі жорнамі ў свет. Можа, і яны мне шчасце прынясуць.
Узяў жорны пад паху ды пайшоў.
Доўга ён ішоў ці коратка, застала яго ў дарозе ноч. Бачыць — стаіць пры лесе хатка. Зайшоў ён туды — нікога няма. Залез ён на палаткі з сваімі жорнамі і заснуў.
Уночы прыйшлі ў хатку разбойнікі, высыпалі з кішэняў на падлогу кучу грошай і пачалі дзяліць.
Падарожны тым часам хацеў павярнуцца на другі бок, ды незнарок штурхнуў свае жорны. А тыя — тарарах! — на падлогу. Разбойнікі як усхопяцца — ды ходу! І ад грошай адракліся…
Злез падарожны з палатак, забраў грошы і пайшоў дахаты.
Ну, вядома, хутка зажыў ён, як і большы брат.
Паглядзеў на іх малодшы брат, Іван, і кажа:
— Пара і мне шчасця паспрабаваць.
Узяў свае лыкі і пайшоў у свет. Ці доўга ішоў, ці коратка — стапталіся лапці. Сеў ён на купіне сярод балота і пачаў з лык палоскі рэзаць, каб новыя лапці сплесці.
Выскаквае раптам з балота чорт. Паглядзеў на Івана і пытаецца:
— Што гэта ты, Іван, робіш?
— А хіба не бачыш? Вяроўкі раблю.
— Навошта?
— Буду імі вас, чарцей, з балота цягаць ды на рынку па капейцы прадаваць. Вось і зараблю грошай на хату. Вас жа тут хоць гаць гаці.
— Пачакай, Іванка, не рабі гэтага. Што хочаш бяры, а не цягай нас з балота.
— Насып шапку золата, дык не буду чапаць вас.
Нырнуў чорт у балота па золата, а Іван выкапаў глыбокую яму і палажыў на яе сваю парваную шапку. Вынес чорт мяшок золата, высыпаў у шапку, а яно і дна не закрыла… Пакруціў чорт галавою, вынес яшчэ мяшок. Высыпаў — сяк-так напоўніў шапку.
— Ну, падымай! — кажа да Івана. — Я табе памагу, бо сам ты не здолееш.
— Нічога, — кажа Іван, — здолею.
Ды чорт не адступаецца: падымай шапку пры ім!
Падняў Іван шапку, а чорт і ўбачыў, што грошы ў яме.
— Э, не, — затупаў чорт, — ты мяне падмануў! Пайду да старшага: як ён скажа, так і будзе.
Пайшоў чорт да свайго старшага. Той выслухаў яго і паслаў да Івана на расправу самага дужага чорта — Крэпкага.
Выскачыў чорт Крэпкі з балота, кажа Івану:
— Хто каго здужае, таму і золата застанецца.
Паглядзеў Іван на чорта Крэпкага. «Не вельмі, — думае, — лёгка цябе здужаць!» Але выгляду не падае, што спужаўся. Азірнуўся навокал, бачыць: недалёка, пад елкай, мядзведзь ляжыць.
— Што ж, — кажа Іван чорту, — ці варта мне самому з табою дужацца? Баюся, што ты пасля такой дужанкі і касцей не збярэш. Вунь, пад елкаю, ляжыць мой стары дзед, падужайся спярша з ім: паглядзім, якая ў цябе сіла.
Падбег чорт да мядзведзя:
— Гэй, стары, давай дужацца!
Мядзведзь устаў, схапіў чорта і пачаў ламаць — той ледзь жывы застаўся. Кінуў дужанку, пабег да старшага і расказаў яму, што нават стары Іванаў дзед перамог яго…
Пасылае тады старшы чорт да Івана свайго лепшага бегуна — Шыбкага.
Выскачыў той з балота, кажа Івану:
— Давай бегчы навыперадкі: хто каго перагоніць, таму і золата.
Паглядзеў Іван навокал, бачыць — пад кустом ляжыць заяц.
— Э, — кажа ён да чорта Шыбкага, — ты вунь спярша перагані майго меншага сынка, тады ўжо да мяне ідзі.
Кінуўся чорт Шыбкі да зайца. А той напужаўся ды як драпануў па кустах, дык немаведама дзе і падзеўся.
Пагайсаў чорт туды-сюды, не дагнаў зайца. Вярнуўся назад да старшага. Узлаваўся старшы, пасылае да Івана трэцяга чорта — Свістуна.
Выскачыў Свістун з балота і кажа Івану:
— Хто каго перасвішча, таго і грошы.
— Добра, — згадзіўся Іван, — свішчы!
Свіснуў чорт, ды так моцна, што аж балота задрыжала, лес асыпаўся…
Прыйшла чарга свістаць Івану. Ён падумаў і кажа:
— Вось што, Свістун: завяжы ты лепш вочы, бо я калі свісну, дык яны ў цябе на лоб вылезуць.
Чорт спужаўся, завязаў хусткаю вочы.
— Свішчы! — кажа.
Тут Іван падняў даўбешку ды як свіснуў чорту ў лоб, — той аж прысеў.
— Пачакай, — кажа Іван, — гэта я яшчэ толькі паціхеньку свіснуў… Давай яшчэ раз свісну, мацней.
— О не! — заенчыў чорт. — Хопіць з мяне і гэтага свісту. Бяры сабе грошы, толькі больш не свішчы.
Забраў Іван золата ды пайшоў дадому.
Источник: https://be.wikisource.org