Упартая жонка — «Беларускія народныя казкі».
Касіў мужык сена. Прыносіць яму жонка абед. Паглядзела на пакошу і кажа:
— Вось жа скасіў, як выстрыг!
Мужык пакруціў галавою:
— Не выстрыг, а выгаліў. Ці ж не бачыш: ніводнай травінкі не пакінуў.
— Не выгаліў, а выстрыг! — запярэчыла жонка. Бо, трэба сказаць, была яна з тых жонак, якія заўсёды мужыкам пярэчаць,— варта ці не варта.
Мужык узлаваўся: як гэта, каб усё было так, як жонка захоча!
— Не выстрыг, а выгаліў! — не здаваўся ён.
І пайшла ў іх спрэчка на ўсю ваколіцу:
— Выстрыг!
— Выгаліў!
— Стрыжана!
— Голена…
Спрачаліся, спрачаліся, а да згоды так і не прыйшлі.
Плюнула тады жонка са злосці ды пабегла тапіцца. Балазе блізка рэчка была. Ускочыла ў ваду па самыя вушы і ўсё сваё крычыць:
— Стрыжана!
— Голена! — стаіць на сваім мужык.
Вось жонка ўжо і з галавою схавалася, крычаць нельга, дык яна два пальцы выставіла, стрыжэ імі над вадою: стрыг, стрыг! А мужык, як бык, упёрся:
— Не, любая жоначка, на гэты раз, здаецца, я цябе пераспрачаю.
Так яно і было.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_9771