Стралец і рыбак — «Беларускія народныя казкі».
Былі ў бацькі два сыны. Выраслі яны, як дубы, а бацьку ўсё няма палёгкі.
Большы, праўда, старанны быў хлопец, ды вось бяда: змалку ўсё розныя пасткі майстраваў, а як падрос, дык дастаў сабе стрэльбу і не разлучаецца з ёю. Людзі на работу ідуць, а ён стрэльбу на плячо ды шмыг у лес ці на балота. Цягаецца ўвесь дзень, дахаты ж з пустымі рукамі ідзе, галодны, як воўк. Топча лапці, а прыбытку ніякага. Калі ж часам і ўпалюе якое зайчаня, дык хутчэй нясе пану, каб той даў пораху.
Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць — нічога не зробіш, калі ў сына такая ахвота.
А меншы сын такі гультай удаўся, што хоць ты яго з хаты гані. Дзень і ноч сядзіць з вудаю на рэчцы, за гаспадарку ж ані не бярэцца. Наловіць жменю печкуроў ці яршоў, — якая ад іх карысць? Хіба што кату паласавацца.
Пачаў і на яго бацька сварыцца, што толькі час марна траціць. Але і меншы сын не слухае бацькі, бо, ведама, ахвота горш няволі.
А каб апраўдацца перад бацькам, што з пустымі рукамі прыходзяць, выдумляюць сыны розныя прычыны.
Стралец расказвае:
— Сёння з самага ранку натрапіў я на чараду коз. Была там каза з казлянятамі ды стары казёл барадаты. Але толькі я злажыўся, каб стрэліць, ажно ў казла, ліха на яго, у ноздрах восы заказыталі. Ён як чмыхнуў, дык цэлы рой восаў вылецеў з ноздраў. Давай тыя восы казу з казлянятамі кусаць… Ну, яны і пасмалілі, як шалёныя, у гушчар. Я за імі. Выскачыў на палянку, а там стаіць на задніх лапах вялізны, як вол, мядзведзь. Чмыхае мядзведзь носам ды абараняецца пярэднімі лапамі ад чмялёў. Ну, думаю, гэта, відаць, толькі што выйшаў з яго чмяліны рой. У такі час мядзведзі вельмі злосныя. Пабаяўся я страляць у яго, а хутчэй скокнуў на елку. Дык вось і сядзеў там, на елцы, увесь дзень, пакуль мядзведзь не пайшоў…
Рыбак расказвае:
— Сяджу гэта я на беразе, цікую за паплаўком. Раптам нейкі шчупачышча цоп за кручок — і на дно!
Я за вудзільна, цягну, ажно жылы ў мяне трашчаць. Давалок да берага, а шчупак віль хвастом — і будзь здароў… Бадай цябе! Закінуў другі раз вуду. Зноў той шчупачышча-дурнішча папаўся. Падцягнуў яго да берага, хацеў рукамі ўхапіць, ды не ўтрымаўся і — шабулдых у ваду!.. Насілу жывы выкарабкаўся.
Слухае іх бацька і толькі галавою ківае:
— Праўду бо людзі кажуць, што ў стральца дым густы, ды абед пусты, а рыбак як намочыцца, дык і рыбы яму не захочацца.
Думаў, думаў бацька, як яму адвучыць сыноў ад благой прывычкі, ды нічога не можа прыдумаць.
Аднойчы зайшоў да яго стары жабрак і папрасіўся нанач. Разгаварыўся бацька з жабраком, на сыноў паскардзіўся.
— Выгадаваў, — кажа, — дзяцей, а падмогі на старасць ніякай. Бо вядома: стралец страляе, а гаспадарка гуляе!
Выслухаў жабрак бацькаву скаргу і параіў, што яму зрабіць, каб прывучыць сыноў да гаспадаркі.
Назаўтра бацька кажа сынам:
— Вось што, сынкі, ёсць у мяне адна далёкая радня. Пайду я да яе. А вы сабе жывіце, як хочаце.
Сабраўся і пайшоў.
Засталіся сыны гаспадарамі. Доўга яны гаспадарылі ці нядоўга, але хутка дажыліся так, што няма чаго, як кажуць, і на зуб палажыць. Пачалі браты спрачацца, хто вінаваты. Спрачаліся, спрачаліся, а да праўды так і не дайшлі.
Толькі вось праз нейкі час зноў завітаў да іх той жабрак. Ну, вядома, трэба накарміць падарожнага чалавека, а ў братоў ні кавалка хлеба.
Стралец дакарае рыбака:
— Няхай бы ты хоць якую рыбіну злавіў, каб было чым чужога чалавека прыняць.
Рыбак адказвае стральцу:
— Няхай бы ты хоць якое казляня падстрэліў…
Паслухаў іх жабрак і кажа:
— Дзякую вам, хлопчыкі, за клопат. Ёсць у мяне хлеб, што добрыя людзі далі.
Дастаў ён з торбы хлеб, сала і пачаў частаваць стральца і рыбака. Сорамна ім прымаць пачастунак ад беднага жабрака, ды голад не цётка. Накінуліся браты на жабракову торбу і як бачыш усю апрасталі.
— Чаму вы такія бедныя? — пытаецца ў іх жабрак. — Хіба ў вас няшчасце якое, ці што?
Браты цяжка ўздыхнулі:
— Зусім, дзядуля, прапала наша гаспадарка…
— А як жа вы раней жылі?
— Бацька гаспадарыў, дык хлеб і вёўся.
— А што ваш бацька: малады ці стары?
— Ды зусім ужо стары.
— Вось бачыце, — кажа жабрак, — ён стары, ды гаспадаркаю карміўся сам і вас карміў. А вы маладыя, дужыя і без хлеба галееце…
Брыдка стала братам, радзей пачалі яны са стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца.
Мінуў год-другі, і зажылі яны як трэба.
Тым часам вярнуўся бацька з гасцей. Паглядзеў: гаспадарка як мае быць! Зарадаваўся ён і кажа:
— Вось цяпер я магу спакойна і паміраць, бо бачу, што вы розуму набраліся, ловіце, страляеце і гаспадарку даглядаеце.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_9181