Разумная дачка — «Беларускія народныя казкі».
Жыў адзін бедны чалавек з жонкаю. Нарадзілася ў іх дачка. Прыйшлося спраўляць радзіны. А ў чалавека таго ні хлеба, ні да хлеба. Чым гасцей частаваць?
Пайшоў бядняк на рэчку па ваду. Аж бачыць — ляжыць у кустах цялушачка. Ды такая слабая, лядаштая, што сама і не ўстане.
Прынёс ён цялушачку дахаты і кажа жонцы:
— Давай зарэжам яе: будзе чым гасцей пачаставаць.
Спадабалася жонцы цялушачка — такая рыжанькая ды лысенькая.
— Не, — адказвае яна, — хай лепш гадуецца.
— Дык жа яна зусім кволенькая. Яе, відаць, нехта знарок выкінуў, каб у хляве не здохла.
— Нічога, можа, як і выгадуем. Падрасце дачка — будзе ёй малако.
Паслухаў чалавек жонку, і пачалі яны гадаваць цялушачку.
Акрыяла тая, расце, як на дражджах. І дачка таксама расце, як на дражджах. Ды такая разумніца ўдалася, што і старыя ахвотна слухаюць яе.
Выгадавалася з лысенькай цялушкі слаўная карова.
Падрасла дзяўчынка, стала ёй сем гадоў, пачала сама пасвіць карову.
Загледзеўся аднойчы багаты сусед на карову бедняка.
— Адкуль у цябе такая добрая карова? — пытаецца.
Бядняк і расказаў яму ўсё, як было.
— Эге, — кажа багацей, — дык гэта ж мая цялушка!
Гэта я выкінуў яе — не думаў, што яна на ногі ўстане. Не, тады я забяру сваю карову назад…
Зажурыўся бедны чалавек.
— Я ж яе гадаваў, — кажа. — І яна цяпер мая.
Не згаджаецца багаты.
— Не аддасі па-добраму, — пойдзем да пана на суд.
Што рабіць? Пайшлі да пана на суд.
Багаты падаў пану руку, прывітаўся: ведама, багаты з багатым свае людзі. Пан кажа яму:
— Садзіся ў мяне.
Багаты сеў у крэсла, а бедны стаіць ля парога, шапку зняўшы. Пан на яго і не глядзіць.
— Ну, што скажаш? — пытаецца пан у багатага.
— Ды вось, пане, якая справа, — пачаў скардзіцца багаты. — Сем гадоў таму назад гэты чалавек забраў маю цялушку і цяпер не аддае…
Выслухаў пан і бедняка. А потым кажа ім:
— Добра. Суд мой будзе такі. Загадаю вам тры загадкі: што на свеце сыцей за ўсё? што на свеце саладзей за ўсё? што на свеце шпарчэй за ўсё? Хто адгадае, таму і карова застанецца. А цяпер ідзіце дахаты, падумайце. Заўтра прыйдзеце з адгадкамі.
Вярнуўся бедны чалавек дахаты, сеў і плача.
— Чаго ты, тата, плачаш? — пытаецца дачка.
— Ды так і так, — адказвае бацька, — хоча багаты сусед адабраць у нас карову. Пайшлі мы з ім да пана на суд. А той загадаў нам тры загадкі. Хто з нас адгадае, таму і карова застанецца. Дзе ж мне адгадаць тыя загадкі!
— А якія, тата, загадкі? — пытаецца дачка.
Бацька сказаў.
— Нічога, тата, не турбуйся, — кажа дачка. — Кладзіся спаць. Заўтра што-небудзь прыдумаем.
А багаты прыйшоў дадому і радуецца:
— Ну, баба, карова будзе наша! Трэба нам з табою толькі адгадаць тры загадкі: што на свеце сыцей, што саладзей і што шпарчэй?
— Вось дзіва! — усміхнулася жонка. — Тут і адгадваць няма чаго. Сыцей за нашага рабога парсюка нікога на свеце няма. Саладзей за ліпавы мёд ад нашых пчол таксама няма нічога. А шпарчэй за нашага гнедага жарабца ніхто не зможа бегчы: ён жа як памчыцца, дык і вецер не дагоніць!
— Праўда, — згадзіўся мужык, — так я і скажу пану.
Назаўтра прыходзяць бедны з багатым да пана.
— Ну што, адгадалі мае загадкі? — пытаецца пан.
Багаты выйшаў наперад:
— Ды тут і адгадваць няма чаго: нікога і нічога на свеце няма сыцей за майго рабога парсюка, саладзей за ліпавы мёд ад маіх пчол і шпарчэй за майго гнедага жарабца.
— А ты, — пытаецца пан у бедняка, — адгадаў?
— Адгадаў, пане: няма нічога сыцей за зямлю, бо яна ўсіх корміць; няма нічога саладзей за сон, бо хоць якое гора, а заснеш, дык і забудзешся; і няма нічога шпарчэй за людскія думкі, бо сам ты яшчэ тут, а думкі ўжо далёка-далёка…
Правільна адгадаў бядняк! Прыйшлося пану прысудзіць яму карову.
— Хто гэта цябе навучыў так адказваць на мае загадкі? — пытаецца пан у бедняка.
— Мая дачка-сямігодка.
Здзівіўся пан: не можа таго быць, каб такая малая беднякова дачка адгадала яго загадкі! Захацелася яму паглядзець разумную дзяўчынку. Прыехаў ён аднойчы да бедняка, а той якраз з жонкаю ў полі быў. Сустрэла пана беднякова дачка-сямігодка.
— Дзяўчынка, — пытаецца пан, — да чаго мне коней прывязаць?
Паглядзела дзяўчынка на сані і калёсы, што стаялі на двары, і кажа:
— Можаш да зімы прывязаць, а можаш і да лета.
Пан і вочы вылупіў: як гэта можна коней прывязаць да зімы або да лета? Смяецца, відаць, з яго гэтае дзяўчо.
— Ну, хоць да саней прывяжы, а хоць да калёс, — растлумачыла дзяўчынка.
Бачыць пан: беднякова дачка сапраўды надта разумная. Не гонар гэта пану. Дачуюцца людзі, што яна разумнейшая за яго, тады хоць з маёнтка ўцякай.
Пагаварыў пан з дзяўчынкай і паехаў, а ёй сказаў, каб увечары бацька да яго прыйшоў.
Прыйшоў увечары бядняк да пана.
— Нішто, — кажа пан, — разумная твая дачка. Але я ўсё ж разумнейшы.
Даў пан бедняку рэшата яек.
— На, — кажа, — занясі дачцэ і скажы, каб яна пасадзіла на іх квактуху і вывела мне да заўтра куранят на снеданне. А не зробіць гэтага — загадаю бізуноў даць.
Прыйшоў бядняк дахаты засмучаны. Сеў на лаве і плача.
— Чаго ты, тата, плачаш? — пытаецца дачка.
— Ды вось, дачушка, бяда якая: загадаў табе пан новую загадку.
— Якую?
Бацька паказаў дачцэ рэшата з яйкамі:
— Сказаў, каб ты на гэтыя яйкі квактуху пасадзіла і вывела куранят да заўтра яму на снеданне. Хіба ж гэта можна зрабіць?
Дачка падумала і кажа:
— Нічога, тата. Заўтра што-небудзь прыдумаем. А пакуль што бяры, мама, гэтыя яйкі, пячы яечню на вячэру.
Раніцай дачка кажа бацьку:
— На табе, тата, гаршчок, ідзі да пана. Скажы, каб ён за дзень ляда высек, выкарчаваў і ўзараў, проса пасеяў, зжаў і змалаціў ды ў гэты гаршчок насыпаў — куранят карміць.
Пайшоў бацька да пана, падаў яму пусты гаршчок і сказаў усё, як дачка загадала.
Пан падкруціў вусы, паморшчыўся і кажа:
— Разумная твая дачка, ды я ўсё ж разумнейшы!
Узяў ён тры сцяблінкі льну, падаў бедняку:
— Скажы дачцэ, каб яна да заўтра гэты лён сцерла, спрала, выткала і пашыла мне з яго кашулю.
Вярнуўся бацька дахаты. Дачка пытаецца:
— Што сказаў табе пан?
Падаў бацька ёй тры сцяблінкі льну і расказаў, што пан загадаў.
— Нічога, — адказвае дачка, — кладзіся, тата, спаць: заўтра што-небудзь прыдумаем.
Назаўтра дае дачка бацьку тры кляновыя дубчыкі і кажа:
—Занясі пану і папрасі, няхай ён іх пасадзіць, за адну ноч вырасціць і зробіць варштат для кросен, каб было на чым палатно яму для кашулі выткаць.
Пайшоў бядняк да пана, падаў тры дубчыкі і сказаў, як дачка навучала.
Пачырванеў пан і кажа:
— Разумная твая дачка — нічога не скажаш. Ды я ўсё ж разумнейшы! Перадай жа ты ёй, каб яна да мяне не пехатою прыйшла, не на кані прыехала, не голая і не адзетая, і каб падарунак мне прынесла, а я каб не мог яго прыняць. Калі зробіць усё гэта, то вазьму яе за дачку — вырасце, паняй будзе! А не зробіць — дрэнна ёй будзе…
Вярнуўся бацька дахаты яшчэ больш засмучаны.
— Ну, што табе, тата, пан сказаў? — пытаецца дачка.
— Ды вось, дачушка, нарабіла ты сваімі адгадкамі бяды і нам і сабе…
Расказаў бацька, што пан загадаў. Дачка засмяялася:
— Нічога, тата. Як-небудзь абдурым пана і на гэты раз. Злаві ты мне толькі жывога зайца.
Пайшоў бацька ў лес, паставіў сіло і злавіў зайца.
Дачка закруцілася ў рыбацкую сетку замест сукенкі, села на кіёк і паехала з зайцам да пана.
Пан стаіць на ганку і дзівіцца: зноў перахітрыла яго беднякова дачка! Узлаваўся ён і нацкаваў на яе сабак — думаў, тыя разарвуць разумніцу. Дзяўчынка выпусціла з рук зайца — сабакі памчаліся за ім.
Падышла яна да пана.
— Лаві, — кажа, — свой падарунак: вунь у лес пабег…
Давялося пану ўзяць разумную дзяўчынку за дачку.
Паехаў неўзабаве пан за граніцу, а дзяўчынцы сказаў:
— Глядзі ж, каб ты тут без мяне не судзіла маіх людзей, бо дрэнна табе будзе.
Засталася дзяўчынка адна ў маёнтку.
Здарылася ў гэты час такая справа. Пайшлі два дзядзькі на кірмаш. Адзін купіў калёсы, другі — кабылу. Запрэглі кабылу ў калёсы і паехалі дамоў. Па дарозе спыніліся адпачыць. Леглі і паснулі. А як прачнуліся, бачаць: бегае ля калёс малое жарабятка. Дзядзькі заспрачаліся. Той, чые калёсы былі, кажа: «Жарабя маё, — гэта мае калёсы ажарабіліся!» А той, чыя кабыла, сваё даводзіць: «Не, жарабя маё, — гэта мая кабыла ажарабілася!» Паспрачаліся яны ды парашылі ехаць да пана на суд. Прыехалі, а пана няма дома.
— Рассудзі хоць ты нас, — просяць дзядзькі прыёмную панскую дачку.
Даведалася дзяўчынка, што ў іх за справа, і кажа:
— Няхай той з вас, чыя кабыла, выпража яе з калёс ды вядзе ў руках, а той, чые калёсы, няхай цягне іх на сабе ў другі бок. За кім жарабя пабяжыць, той яго і гаспадар.
Дзядзькі так і зрабілі. Жарабя пабегла за кабылаю. На гэтым і спрэчка ў іх скончылася.
Вярнуўся пан з-за граніцы і дачуўся, што разумная дзяўчынка без яго суды судзіла. Узлаваўся ён, нарабіў крыку:
— Што ж ты не паслухала мяне? Бяры сабе з маёнтка, што пажадаеш, ды ідзі дахаты, каб я цябе больш не бачыў!
— Добра, — кажа дзяўчынка. — Але мне хочацца на адыход цябе віном пачаставаць.
— Частуй, — буркнуў пан. — Толькі хутчэй.
Напаіла яго дзяўчынка віном, пан і заснуў без памяці. Загадала тады яна слугам запрэгчы каня, палажыла пана ў карэту і павезла дахаты. Дома з бацькам зняла яго з карэты ды перанесла ў сенцы на салому.
— Вось табе, — кажа, — пасцель замест пярынаў. Ачухвайся тут.
Прачнуўся назаўтра пан, разглядаецца — дзе ж гэта ён? Убачыў сваю прыёмную дачку, якую прагнаў, і пытаецца:
— Чаму я тут, у бруднай мужыцкай хаце, ляжу?
— Ты сам так захацеў, — смяецца дзяўчынка. — Ты сказаў мне: «Бяры сабе з маёнтка, што пажадаеш, ды ідзі дахаты». Я і ўзяла цябе. Уставай ды ідзі замест бацькі паншчыну адбываць. Ты мужык дужы, работнік з цябе будзе не дрэнны.
Пачуўшы гэта, пан усхапіўся на ногі і так драпануў, што толькі яго і бачылі. Нават ад коней з карэтаю адрокся.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_9638