Пану навука — «Беларускія народныя казкі».
Ну, дык слухайце! Скажу вам не казку, а праўду.
Было гэта яшчэ за панамі. А ліхія ж былі паны! Не людзі, а звярʼё. Трапіш да такога пана, то хоць кладзіся ды памірай: нічым яму не дагодзіш. Кажуць жа: зачыні чорту дзверы, дык ён у акно ўлезе.
Гэтак і пан. Ты яму выстранчаеш, шчыра робіш, а ён усё крычыць: «Не так, шэльма, не так, галган, не так, пся крэў!» І есць цябе поедам, здзекуецца, зневажае А чуць што не ўнаровіш — жыўцом скуру зніме.
Ой цяжка, вельмі цяжка было жыць за панамі!
Дык вось. Быў у адным маёнтку такі ліхі пан. Чаго ён толькі не вытвараў! Як толькі не здзекаваўся з людзей! Не аднаго насмерць засек. Прыгонных сваіх і за людзей не лічыў.
Загадаў аднойчы паганы пан, каб усе, хто мае валоў на продаж, прыводзілі іх толькі ў яго маёнтак. Паставіў па канцах сяла варту і не дазваляў праехаць туды ніводнаму купцу. Прывядзе хто вала ў маёнтак на продаж, а пан паглядзіць і кажа:
— Што ж ты прывёў, асёл? Гэта ж не вол, а казёл!
І заплаціць, як за казла. А хто пярэчыць уздумае — пашле на стайню ды ўсыпле розаг.
Доўга мучыліся людзі з такім паганым панам, доўга цярпелі, — бо што зробіш, каму паскардзішся? Паны ж тады ўсюды сядзелі — і ў маёнтках, і ў судах.
Ды знайшоўся нарэшце адзін чалавек, што адплаціў пану за ўсе людскія слёзы і крыўды.
Гэта быў здатны і ўдалы дзяцюк. Звалі яго Рымша. Рана ён асірацеў, але і адзін неяк такі ўзбіўся на гаспадарку. Горды быў хлапец Рымша. Ніхто не адважваўся яго і пальцам крануць.
Прывёў Рымша ў маёнтак вала прадаваць. Выйшаў пан на ганак і кажа:
— Што ж ты прывёў, асёл? Гэта ж не вол, а казёл!
Глянуў Рымша, што нікога блізка няма, паказаў пану папліску ды пытаецца:
— Што гэта, пане: бяроза ці лаза? Я ж прывёў табе вала, а не казла!
І давай дубасіць пана папліскаю. Біў, біў, пакуль рука не забалела.
— Вось табе, — кажа, — за тое, што з людзей здекуешся! Калі вычухаеш, то чакай мяне яшчэ ў госці.
Сказаў гэта Рымша, кінуў вала і ўцёк у лес.
Знайшлі дваровыя людзі пана без памяці — так змясіў яго Рымша. Толькі на трэці дзень апрытомнеў пан.
— Злавіць мне Рымшу! — загадаў ён слугам.
Ды дзе там! Таго і след ветрам замяло. Лясы даўней былі цёмныя, густыя. Жыві ў іх колькі хочаш, ніхто цябе і не ўбачыць.
Мінае дзень за днём, а пан ніяк ачуняць не можа. Якіх толькі дактароў не клікалі — ніхто рады не дасць: мусіць, яму Рымша добра такі адсадзіў пячонкі.
Тым часам прыехаў у маёнтак новы доктар з поўным сундуком усялякіх лекаў. Паклікаў пан да сябе новага доктара, частуе і просіць, каб палячыў яго.
— Добра, — кажа доктар, — я пана вылечу. Трэба толькі нацяпліць лазню.
Нацяплілі слугі лазню. Павёў доктар пана ў лазню, пасадзіў на палок ды загадаў трымацца аберуч за жэрдку. А сам пачаў націраць яго ўсялякімі мазямі.
Сядзіць пан, трымаецца за жэрдку ды толькі крэхча.
Але не доўга ён крахтаў. Дастаў неўзабаве доктар з кішэні сырамятны пасак, прывязаў ім да жэрдкі панавы рукі і заткнуў яму вехцем рот. Пасля ўзяў папліску і кажа:
— Што гэта, пане: бяроза ці лаза? Я ж прадаў табе вала, а не казла…
Бачыць пан, што гэта Рымша, а не доктар, хоча крычаць, ды не можа — вехаць у горле!
Круціцца пан, як уюн на гарачай патэльні, а Рымша лупіць яго папліскаю па чым папала. Траха не ўсю скуру садраў з пана. Потым сеў на каня і паехаў. Толькі яго і бачылі.
Доўга хварэў пан. Усе думалі, што капцы ўжо яму. Ды ліхога і смерць не бярэ: пад вясну акрыяў пан і надумаўся за граніцу, на воды, ехаць. Пачаў збірацца, а тут якраз грошай не хапае. Парашыў ён прадаць лес. Пусціў пагалоску, і пачалі прыязджаць купцы аглядаць лес. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў і надта даражыўся.
Аднаго дня прыехаў у маёнтак нейкі вельмі ж багаты з выгляду купец. Павёў яго пан аглядаць лес. Пан хваліць лес, хоча даражэй з купца злупіць, а купец усё падтаквае яму ды адводзіць далей у гушчарнік.
Забраліся яны ў такую нетру, што і свету не відаць. Тут купец давай рукамі хвоі абнімаць, сажнем таўшчыню мераць. Абхапіў і пан адну хваіну.
— Вось, — кажа, — глядзі, якая калодзішча! Золата, а не лес.
А купец выхапіў з кішэні пасак ды прывязаў пана да хвоі. Потым дастаў з-пад крыса папліску, паказаў пану і пытаецца:
— Што гэта, пане: бяроза ці лаза? Я ж прадаў табе вала, а не казла!
І пачаў пярэсціць пана…
Біў, біў, колькі ўлезла, ды так і пакінуў прывязаным да хвоі. Увесь дзень прастаяў пан каля дрэва, пакуль не знайшлі яго там дваровыя людзі.
Можа, з год пасля таго пракачаўся пан, а ўсё няма ачунку.
Зноў раяць яму дактары ехаць на воды. Прадаў пан лес, збожжа, жывёлу. Набраў шмат грошай і сабраўся ехаць за граніцу, на воды. А Рымша ўсё цікуе за панам. Даведаўся ён, па якой дарозе будзе ехаць пан, і зрабіў на яго пастку: паставіў у лесе за ганок трое адзін ад аднаго двух конных хлапцоў з папліскамі.
Падʼехаў пан да першага хлапца, а той здалёк патрос папліскаю і крычыць:
— Што гэта, пане: бяроза ці лаза?
— Хапай, хапай яго! — крычыць пан на фурмана. — Гэта ж Рымша!
Фурман шась нажом па пастронках, сеў на прыпражнога каня і пагнаўся за хлапцом.
Як толькі ён знік з вачэй, да панскага воза падʼехаў другі такі ж хлапец. Замахнуўся папліскаю і кажа:
— Што гэта, пане: бяроза ці лаза?
— Хапай, хапай яго, галгана! — закрычаў, пан на лёкая. — Гэта ж Рымша!
Ускочыў лёкай на другога каня і памчаўся за хлапцом. Застаўся пан адзін у карэце. Тут ні адсюль ні адтуль перад ім апынуўся сам Рымша. Дастаў ён з-пад крыса папліску, патрос ёю і пытаецца:
— Што гэта, пане: бяроза ці лаза? Я ж прадаў табе вала, а не казла!
Збіў Рымша пана на горкі яблык, забраў грошы і пайшоў у лес, у сваю зямлянку.
Шмат дабра потым рабіў Рымша бедным людзям: і грашыма памагаў, і ад ліхіх паноў бараніў.
Яшчэ і да гэтага часу ў цёмным лесе паміж Заполлем і Навасёлкамі стаіць гара. Завуць яе Рымшаваю гарою. Кажуць, там і жыў той горды і смелы дзяцюк Рымша.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_9288