Недалікатны сын — «Беларускія народныя казкі».
Жыў у аднаго чалавека сын. Вялікі ўжо вырас, а ніколі бацьку бацькам не назваў.
— Кузьма, — крычыць сын на бацьку, — ідзі араць! Кузьма, загані свіней у хлеў!
Крыўдна бацьку, ды што зробіш: малога не перавучыў, а цяпер і рады не дасі.
Смяюцца людзі з Кузьмовага сына.
— Дурань, — кажуць, — як гэта можна, каб бацьку не паважаць!
А яму хоць бы што: не слухае ні бацькі, ні людзей.
Аднаго разу паехаў Кузьма з сынам па сена. Наклалі вазы ды едуць дахаты: бацька на адным возе, сын — на другім.
Мінулі гладкую дарогу, уехалі ў лес. Тут пайшлі карчы ды выбоіны.
Злез бацька з сена, ідзе збоку, за возам наглядае, каб не абярнуўся. А сын ляжыць на сваім возе ды толькі камандуе:
— Кузьма, вунь яма — надтрымай воз! Кузьма, правядзі маю кабылу па ўзбочыне, а то кола за корч зачэпіцца!
Бегае бацька ад воза да воза, не можа ўправіцца. А сын толькі выскаляецца з яго:
— Маладзец, Кузьма! Добра стараешся.
Узлаваўся бацька і перастаў бегаць да сынавага воза.
У адным месцы сынаў воз трапіў у глыбокую выбоіну і перакуліўся… Сын шлёпнуўся носам у гразь.
Устаў ён і лае бацьку:
— Бачыш, Кузьма, што ты нарабіў!
Паднялі воз і паехалі далей. Сын ужо і на сена не палез. Ідзе збоку ды ўсё бурчыць на бацьку.
Даехалі да крутога павароту. Бацька свой воз падпёр плячом і абʼехаў паварот, а сын пашкадаваў сілы траціць. Воз перакуліўся і падмяў яго пад сябе.
— Кузьма! — крычыць сын з-пад сена. — Падымі воз!
Маўчыць бацька як вады ў рот набраўшы. Дастаў з кішэні капшук, закурыў люльку. «Паляжы ж там, калі ты такі разумны», — думае бацька.
Клікаў, клікаў сын Кузьму, а той як аглух. Сыну ўжо і дыхаць цяжка. Напалохаўся ён, заенчыў не сваім голасам:
— Бацька, ратуй!
Зарадаваўся Кузьма, што сын нарэшце такі назваў яго бацькам. Падняў воз і кажа да сына, усміхаючыся:
— На свеце, брат, жывучы, усяго нажывеш — і Кузьму бацькам назавеш!
З таго часу і пайшла гэтая прыказка.
Источник: https://be.wikisource.org