Надакучлівыя госці — «Беларускія народныя казкі».
Жылі два браты. Гаспадарку мелі невялікую, ды сяк-так кідаліся.
Прыехалі да іх аднойчы госці: два гультаі-гулякі, аднаго поля ягады. Прынялі браты гасцей як трэба: пачаставалі, чым мелі, павесяліліся, як умелі.
Тым часам мінае дзень, мінае другі, тыдзень мінае, а госці і не думаюць дамоў выбірацца: пʼюць, гуляюць ды яшчэ і гаспадароў ад работы адрываюць.
Надакучылі госці братам. Пачалі яны думаць, як ад іх збавіцца.
Думалі, думалі, нарэшце дадумаліся. Пайшлі малаціць, а там слова за слова давай сварыцца, каб госці чулі.
Меншы брат крычыць на большага:
— Хоць ты і старэйшы, а ў крыўду я табе не дамся! Будзем дзяліцца!
— Давай! — крычыць і большы брат. — Дзяліцца дык дзяліцца!
Вярнуліся ў хату і пачалі дзяліцца. Падзялілі ўсю гаспадарку. Дайшло да гасцей.
— Давай і гасцей дзяліць! — кажа меншы брат. — Я вазьму аднаго госця на сваю палавіну хаты, а ты другога — на сваю.
— Добра, — згадзіўся большы брат. — Дзяліцца дык дзяліцца!
Падзялілі і гасцей.
Прыйшла пара абедаць.
Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі кілбасы на стол палажыў. А меншы наварыў капусты, ды і то нішчымнай.
Селі есці.
Меншы брат кажа свайму госцю:
— Няма ў мяне, дарагі госць, чым цябе частаваць: бачыш, брат усю скаромніну пры дзяльбе забраў. Вазьмі ў яго хоць скрутак кілбасы.
Госць быў ласы на чужыя кілбасы. Але толькі працягнуў ён руку па кілбасу, як большы брат — трах! — яго лыжкаю па лбе.
Тут меншы брат схапіў апалонік.
— Як! — закрычаў ён на большага брата. — Дык ты майго дарагога госця будзеш біць лыжкай?! Калі ж так, то я твайго апалонікам трэсну!
Ды так трэснуў госця па галаве, што таму аж неба з аўчынку здалося.
Тады большы брат схапіў качаргу.
— А калі ты майго, — кажа, — яшчэ даражэйшага госця, чым твой, будзеш біць апалонікам, дык я твайго качаргою перацягну!
— А калі ты майго качаргою, — бушуе меншы брат, — дык я твайго зусім вон выкіну!
І ён схапіў госця большага брата за каўнер ды павалок за парог.
— Ах! — закрычаў большы брат. — Калі так, дык няхай жа і твой ідзе за маім!
Пры гэтых словах ён схапіў госця меншага брата і вытурыў за дзверы.
Ачухаліся госці ад такога пачастунку, пабралі лахі пад пахі ды і ходу дадому.
Так браты і збавіліся ад надакучлівых гасцей.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_9222