Мужык і жонка — «Беларускія народныя казкі».
Адзін мужык часта сварыўся з жонкаю.
— Гультайка ты! — крычыць на яе. — Я і ару, і кашу, а ты нават абед лянуешся прынесці мне ў поле!
— Ды ў мяне дома работы больш, чым у цябе ў полі, — адказвае жонка. — Калі мне насіць табе абед?
Мужык не верыць жонцы:
— Якая дома работа! Такую работу я гуляючы зраблю.
Узлавалася аднойчы жонка.
— Калі так, — кажа, — то я паеду араць, а ты заставайся дома.
Мужык зарадаваўся:
— Добра. Цяпер ты ўбачыш, хто з нас праўду кажа! Араць — гэта не гаршкі ў печы перастаўляць.
Сабралася жонка ў поле і кажа мужыку:
— Толькі ж глядзі, каб усю работу парабіў.
Мужык кінуў вокам на хату:
— А якая тут работа?
— Бачыш, вунь рошчына ў дзяжы?
— Бачу, — адказвае мужык.
— Дык намялі мукі ў жорнах, замясі цеста, а як падыдзе, пасадзі хлеб у печ.
— Ну, гэта работа лёгкая, — махнуў мужык рукою. — Яшчэ якая?
— Збі масла.
— І гэта не цяжкая. Што яшчэ?
— Пільнуй цялят на выгане, каб у шкоду не ўлезлі. Абед звары ды за квактухаю наглядай, каб з рэшата не зляцела, бо яйкі астынуць.
Расказала жонка мужыку, што яму дома рабіць, сабралася і паехала ў поле. Мужык тупае па хаце, пасміхаецца сам сабе: «Я не толькі зраблю гэтую работу, а і выспацца паспею».
Закурыў ён люльку і пачаў муку малоць. А каб спарней работа ішла, прывязаў да пояса бойку са смятанаю. Круціць жорны, а сам ківаецца, дык смятана — боўць, боўць! — на масла збіваецца.
Добра ідзе работа!
Тут раптам суседскія дзеці як залямантуюць пад акном:
— Дзядзька, вашы цяляты ў шкоду залезлі!
— Ах, каб іх ваўкі зʼелі! — закрычаў мужык і, як стаяў, кулём кінуўся на выган.
А бойка — трах, трах! — яго па каленях. Прабег ён крыху ды грымнуўся як сноп вобземлю. Накрыўка ў бойцы выскачыла, і ўся смятана вылілася.
Падняўся мужык, плюнуў са злосці і пабег далей. Выгнаў цялят з аўса і прыгнаў іх дамоў.
— Не хочаце, — кажа, — на выгане пасвіцца, дык стойце ў хляве галодныя!
Вярнуўся мужык у хату. Глядзіць, аж тут замест яго рабая свіння гаспадарыць: рассыпала муку, зʼела рошчыну і сагнала квактуху з рэшата.
Вытурыў мужык свінню вон, стаў пасярод хаты і чухае патыліцу: што ж цяпер рабіць? Трэба, думае, хоць яйкі ратаваць, бо як астынуць, дык і кураняты не выведуцца: бяда будзе ад жонкі… Пакруціўся сюды-туды — няма курыцы.
Сеў мужык з гора сам на рэшата. «Як вернецца квактуха, — думае, — тады я злезу абед варыць, а яе пасаджу».
Ехаў праз вёску казак і зайшоў у хату вады напіцца. Убачыў мужыка на рэшаце.
— Што ты робіш? — пытаецца.
— Куранят выседжваю, — адказвае мужык.
— Хто ж гэта цябе, небараку, пасадзіў на рэшата?
Расказаў мужык пра сваю бяду — як ён дома за гаспадыню застаўся і як не пашанцавала яму.
Парагатаў казак, а потым давай бізуном яго хвастаць… Лупіць і прыказвае:
— Вось табе за тваю дурноту! Жонка поле арэ, а ты што робіш?
Круціўся, круціўся мужык і падушыў усе яйкі. Бачыць — няма ратунку. Саскочыў з рэшата ды ходу. Залез з перапуду на гару і схаваўся там у кораб з перʼем.
Казак напіўся вады ды паехаў далей. А мужык сядзіць у перʼі, ад страху калоціцца.
Тым часам прыехалі жончыны бацькі ў госці. Зайшлі ў хату. Паглядзела цешча на непарадкі і кажа да дзеда:
— Не дзіва, што зяць з нашаю дачкою сварыцца! Мусіць, такі і праўда, што яна гультайка.
— Калі так, — кажа дзед, — дык аддамо гасцінец не дачцэ, а зяцю!
Мужык усё гэта чуў з гары. «Які ж яны гасцінец прывезлі?» — узяла яго цікавасць.
Перагнуўся ён цераз кораб, каб паглядзець гасцінец, а кораб — бабух! — і паляцеў далоў разам з мужыком.
Пачулі дзед з бабаю грукат, выбеглі ў сенцы і ўбачылі там мужыка ў перʼі.
— Чорт! Чорт! — закрычалі яны ў адзін голас.
Баба пачала хрысціцца, а дзед схапіў качаргу ды давай чорта дубасіць:
— Бач, нячыстая сіла, куды панадзіўся цягацца!
Усхапіўся мужык і кінуўся на агарод. Схаваўся там у каноплях і сядзіць, ні жывы ні мёртвы, пабітыя бакі чухае.
Вярнулася ўвечары з поля жонка. Бацькі кажуць ёй:
— Ну, цяпер ты з мужыком будзеш добра жыць.
— Чаму? — пытаецца дачка.
— Бо мы выгналі чорта з вашай хаты. Гэта ён, пракляты, сварыў вас!
І праўда: перастаў пасля таго мужык абзываць жонку гультайкай.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_9425