Добры знаёмы – «Беларускія народныя казкі».
Выбралі ў адной воласці новага старшыню. Ну, валасны старшыня — чын не такі ўжо вялікі. Але як для каго: разумны на любой пасадзе розуму не траціць, а дурня хоць царом пастаў — дурнем і застанецца.
Адным словам, новы старшыня пан Цырубалка — так яго звалі — гэтак заганарыўся, што да яго і не падступіцца. Як кажуць, крукам носа не дастанеш. На мужыкоў крычыць, як той асэсар, у астрог садзіць. Без яго начальніцкага дазволу ніхто ні дыхнуць, ні пікнуць не меў права.
От сядзіць так аднаго разу новы старшыня ў сваім начальніцкім пакоі і думае, чым бы яшчэ праславіцца. Аж бачыць: ідзе вуліцаю нейкі незнаёмы чалавек. Не стары, не малады. Не сказаць, каб мужык, але, відаць,
і не пан. Ідзе сабе, цыгарку курыць, на дарогу паплёўвае.
«Гм,— падумаў старшыня,— трэба праверыць, хто ён і што».
Паклікаў свайго сакратара.
— Бачыш вунь таго чалавека? — пытаецца.
— Бачу, пан старшыня.
— То выскачы і даведайся, што ён за птушка. Можа, злодзей які?
— Добра, пан старшыня,— адказаў сакратар і кулём кінуўся на вуліцу.
Дагнаў таго чалавека і кажа:
— Наш новы старшыня пан Цырубалка пытаецца, што ты за птушка такая? Можа, злодзей які?
Паглядзеў прахожы на старшынёвага пасланца і адказвае:
— Скажы твайму новаму старшыні пану Цырубалку, што ён дурань з дурняў.
Плюнуў і пайшоў сваёю дарогаю.
Вярнуўся сакратар да старшыні.
— Ну, хто гэта?
— Ды нейкі, відаць, ваш добры знаёмы…
— Мой знаёмы?! — здзівіўся старшыня.
— Але.
— Адкуль жа ён ведае мяне?
— Гэтага ён не сказаў. Але ясна сказаў, што вы, пан старшыня, дурань з дурняў. Дык, я думаю, той, хто вас не ведае, так не сказаў бы.
Новы старшыня толькі скрывіўся як мыла з’еўшы.
Иллюстратор: Валерий Слаук.
Источник: https://be.wikisource.org