Дзяўчына з замчышча — Заклятыя Скарбы.
У нашай рэчцы, што цячэ каля старадаўняга замчышча, людзі часта знаходзяць залатыя і срэбраныя грошы.
А на вяршыні замчышча ўночы можна ўбачыць таямнічыя белыя і чырвоныя агеньчыкі. Кажуць, гэта дае пра сябе знаць зачараваны скарб.
Аднойчы ўлетку хлопцы прыгналі сюды на начлег коней. Пад раніцу,калі зусім дагарэла вогнішча, да іх невядома скуль падышла прыгожая дзяўчына з грабеньчыкам у руцэ і давай прасіць:
— Расчашыце мяне!..
Але начлежнікі так перапалохаліся, што ўсе да аднаго паўцякалі ад прыгажуні. Бывалыя людзі пасля казалі, што гэта ім, дурням, зачараваны скарб прасіўся ў рукі, але яны адмовіліся ад незлічонага багацця.