Векавечная мяжа — Легенды Беларусі.
Жыў калісь у нашай зямлі князь Радар, які спярша кавалём быў, а пасля ж яго выбралі ў князі. А ў Ляцкай старане жыў кароль Лях, у якога быў Змей Крагавей.
Панадзіўся Змей Крагавей у нашу старану хадзіць: прыйдзе, людзей паядае, а што не з’есць — пабівае.
Думаў-думаў Радар: што рабіць? І пачаў ён лемяшы каваць ды дубы ламаць: задумаў велізарную саху зрабіць. Кожны лемех па пяцьсот пудоў, а паліцы са старога дубу, а лейцы з найбольшых сосен, якія былі ў пушчы. Зрабіўшы саху, занёс Радар у поле, палажыў яе пад лесам, а сам давай камяні цягаць ды вежу мураваць. Замураваўся ў каменнай вежы, запёрся на трое жалезных дзвярэй, а дружыну схаваў пры сабе. Прыбягае Змей, а Радар яму:
— Стой, Змей, не чапай людзей, а вось, калі ты пралізнеш гэтыя трое дзвярэй, то я табе сам сяду на язык і ты мяне з’ясі,— тады рабі што хочаш у маёй старане.
— Добра,— кажа Змей.
І ён раз лізнуў, другі раз — лізнуў і пралізаў трое дзвярэй. Тады Радар цап яго за язык кляшчамі ды давай гваздзіць яго па галаве стопудовым молатам, а дружына чым барзджэй упрагаць Змея ў саху.
Змей вярцеўся, круціўся, а ўрэшце скарыўся:
— Давай,— кажа,— будзем мірыцца!
— Добра,— кажа Радар,— давай мірыцца. А каб нам назаўсёды ведаць, дзе чыё, то валачы саху, правядзём граніцу.
І вось аралі яны лес, аралі луг, аралі поле і даараліся да вялікай ракі; тут Радар крыкнуў Змею, кіруючы яго ў ваду:
— Гайда, бух! — значыць, каб ён скакаў у раку.
Змей скочыў з прыгорка, ледзь не ўтапіўся, але сахі пазбыўся: яна сарвалася з хамута і патанула рагачамі ўверх. Рады Змей, што жыў застаўся, не азіраецца, пыліць дамоў, у нару пад гарой, дзе жыў князь Лях. Як убачыў свайго князя Змей, то яшчэ ў страху тым здалёк крычыць яму:
— Помні, Ляша, па Бух наша! — і як толькі дапаў сваёй нары, то і апрогся.
З гэтых часоў на векі вечныя тая разора, якую празвалі Бухам, ці Бугам, сталася граніцай паміж нашым і ляшскім краем. А вежа, якую будаваў тады Радар, і дагэтуль стаіць у мясцовасці, Камянцом званай. Доўга і тыя жалезныя лемяхі тырчэлі з ракі і цяпер, кажуць, ляжаць там на дне.
Источник: https://be.wikisource.org