Лоскі замак — Легенды Беларусі.
Згодна аднаго старога падання, сцены Лоскага замка-крэпасці муравалі не з цэглы або прывазнога граніту, а з валуноў і камянёў, якіх багата было калісьці на лоскіх палях.
Але муры заклалі шырынёй у сем крокаў, і хутка на адзін толькі падмурак, апушчаны на многа метраў у глыб гары, пайшлі ледзь не ўсе сабраныя на палях камяні.
Вось тады і быў выдадзены строгі загад: не ўпускаць у Лоск ні пешага, ні коннага без камянёў. Коннаму — не менш тузіна камянёў прывезці на возе, пешаму — хоць адзін замест пропуска здаць за брамаю варце.
Калі камянёў набралася цэлыя горы, іх рассартавалі па памерах, па колеры і пачалі ўзводзіць сцены. У ніжні першы рад паклалі самыя вялікія валуны, і ўсе чорнага колеру. Далей пайшлі пласты сініх, за імі — шэрыя, карычневыя… І чым вышэй уздымаліся сцены, тым яны рабіліся ўсё святлейшыя, усё ярчэйшыя. А самыя апошнія метры сцяны і ўсе зубцы на ёй і вежы былі складзены з камянёў толькі жоўтых і чырвоных адценняў.
Калі ў сцяну замуравалі апошні чырвоны камень і дождж адмыў высокія муры ад пяску і гліны, убачылі жыхары Лоска, што зубцы і вежы нібы залівае чырвонае зарава, хоць неба і было зацягнутае воблакамі.
Вось так, здзіўляючы гасцей і палохаючы ворагаў, над Лоскам у любое надвор’е гарэла выкладзенае з розных каляровых камянёў зарава…
На пабудову Лоскага замка людзі сабралі каменне з палёў і лясоў на сто вёрст вакол. І той, хто задумаў паставіць печ або закласці пад дом каменны падмурак, мусіў купляць камяні па дарагой цане або ехаць па іх ажно пад Вільню. Пакутавалі праз гэта людзі цэлыя стагоддзі, пакуль не пачалі трэскацца і рассыпацца муры старога замка. Вось тады і пайшла пагалоска, што каціліся з Лоскага ўзгорка камяні датуль, пакуль зноў не трапілі на тыя самыя месцы, адкуль іх калісьці прывезлі ў Лоск.
Источник: https://be.wikisource.org