Слёзы Марыі (Паданні і легенды Нясьвіжа).
“Марысін, 1898”. Гэты надпіс выбіты на гранітным помніку, які знаходзіцца ў Новым парку сярод вельмі забалочанай мясцовасці і адзічэлай расліннасці. Тут калісьці быў невялікі вадаспад пад назвай “Слёзы Марыі”, раўчук, што насіў такую ж назву, і вялікі камень з дзіркай пасярэдзіне, які лічыўся “Пярсцёнкам Марыі”.
Паводле аднаго з паданняў, на гэтым месцы замерзла князёўна Марыя, паводле другога – пакавалі тут яе маленькую дачушку Марысю, а сама князёўна была пакладзена ў труну жывой, калі яна знаходзілася ў стане летаргічнага сну, і змешчана ў родавым склепе Радзівілаў.
Камісія даследчыкаў, што вывучалі стан радзівілаўскіх мумій у 1953 годзе, знайшла труну, дзе ляжала маладая князёўна ў шлюбным адзенні. Рашэнне вучоных было адназначным: маладая князёўна памерла ад разрыву сэрца ў самой труне, калі спрабавала павярнуцца, а палажылі яе жывой. Вось аб гэтым пахаванні жыве ў народзе драматычная легенда.
У сястры аднаго з Радзівілаў была дачка Марыя, дзяцінства якой прайшло ў маёнтку бацькоў паблізу Клецка. Дзяўчынцы дазвалялася свабодна гуляць у парку і ваколіцах, сябраваць з дзецьмі шляхты і дваровымі аднагодкамі.
Сярод дворні звяртаў на сябе ўвагу не толькі вонкавай прыгажосцю, але і вялікімі здольнасцямі да мастацтва хлопчык-сірата. Усе яго клікалі прыгажун Ян. Так ён зваўся і пазней. Дачка магутных магнатаў і сын простага селяніна пасябравалі і яшчэ ў дзіцячыя гады далі клятву не разлучацца ніколі ў жыцці. Але абставіны аказаліся суровымі і жорсткімі да юных закаханых.
Бацькі Марыі памерлі рана і яе ўзялі на выхаванне ў Нясвіжскі замак. Ніякіх вестак пра хлопчыка яна не атрымоўвала. Жыццё ў замку вельмі адрознівалася ад ранейшага. Тут дзейнічалі няўмольныя законы роду Радзівілаў. Сустракацца з ніжэйшымі па паходжанню забаранялася. Ніякай свабоды цяпер Марыя не мела. Яна зрабілася маўклівай, многа чытала і нікому не давярала сваіх сардэчных таямніц. Марыі ўдалося ўпрасіць князя ўзяць для яе пакаёўку з бацькоўскага маёнтка – колішнюю сяброўку дзяцінства. Ёй Марыя магла расказаць самыя свае патаемныя думкі, папрасіць дапамогі і парады. Уладары замка мелі на мэце ажаніць Марыю і свайго хворага сына, яе стрыечнага брата. У гэтым выпадку багаты пасаг Марыі далучаўся да багацця нясвіжскіх Радзівілаў.
У замку ўжо некалькі гадоў працавалі садоўнікі, майстры паркавай архітэктуры. Замежныя спецыялісты не маглі справіцца з вялікай працай, якую задумалі ўладальнікі. Шукалі здольную мясцовую моладзь. Некаторых хлопцаў пасылалі ў іншыя краіны, каб яны знаёміліся з паркавай культурай еўрапейскіх краін. У лік такіх трапіў і прыгажун Ян. Ен прабыў за мяжой чатыры гады, дасканала вывучыў усе асаблівасці пейзажных паркаў Італіі, Францыі, Германіі, пабываў у Пецярбургу. Здольны юнак шмат чытаў, вывучыўся іграць на скрыпцы.
Аднойчы Марыя пачула чароўныя гукі, поўныя пачуцця і гармоніі. Яны даносіліся з паляўнічага доміка, дзе жылі садаводы. Дзяўчына вельмі тонка адчувала музыку і зразумела, што іграў вялікі майстар. На яе запытанне пакаёўка адказала, што іграў Ян, іх добры сябар далёкай пары дзяцінства. Нядаўна ён пасяліўся ў Нясвіжы пасля замежных вандраванняў. Марыя страціла спакой і марыла аб сустрэчы. Каханне яе ўспыхнула з новай сілай. Хутка мары здзейсніліся. Яны сустрэліся ў замкавай бібліятэцы, дзе хлопцу дазволілі браць кнігі па мастацтву. Першы погляд Яна паведаміў князёўне, што ён не забыў іх сустрэч у дзяцінстве і кахае яе так, як і раней.
З дапамогай вернай пакаёўкі сустрэчы зрабіліся частымі. Маладыя людзі задумалі пажаніцца без дазволу сваякоў. Іх тайна зрабілася вядомай гаспадарам замка, калі ў Марыі павінна было нарадзіцца дзіця і яна рашыла больш не таіцца. Але гэта было б чорнай плямай на ўсім родзе знатных магнатаў. Яны абвясцілі Марыю псіхічна хворай і змясцілі ў адну з вежаў. Там Марыя нарадзіла дзяўчынку, якую назвала Марысяй. Але маці, што яшчэ ляжала ў гарачцы, разлучылі з маленькай дачушкай. Слугам было загадана нікога не пускаць да яе, аберагаць ад усялякіх навін.
Некалькі дзён няшчасная нічога не ведала пра лёс Яна і Марысі. Але аднойчы ноччу ў вежу прабралася пакаёўка і паведаміла, што Яна, па чутках, вывезлі ў вёску, дзе забілі, а маленькую Марысю таксама загубілі і пахавалі як няхрышчаную за возерам. Пакаёўка ўзялася правесці Марыю да яе магілкі. Аглушаная горам Марыя ўскочыла з ложка і з распушчанымі валасамі, у белай доўгай кашулі панеслася да возера. Слугі не змаглі яе затрымаць. Як прывід, пранеслася яна па двары і доўгай фэблі і апынулася на месцы, дзе была свежаўскапаная зямля. Пакаёўка пацвердзіла, што іменна туг ляжыць яе дачушка. Бедная маці рвала на сабе валасы, так крычала ад болю і роспачы, што хутка страціла сілы і прытомнасць. Пры двары паведамілі, што яна памерла ў выніку псіхічнага захворвання і як мага хутчэй паклалі яе ў труну.
Так трагічна абарвалася жыццё закаханых. Кажуць, што нясвіжскія салаўі пяюць так цудоўна, бо навучыліся калісьці, слухаючы гукі скрыпкі Яна, а слёзы Марыі ператварыліся ў брыльянты расы на пышным дыване травы ў парку.
Автор: Клавдия Яковлевна Шишигина-Потоцкая
Источник: http://jivebelarus.net/interes/legends-of-nesvizh.html