Паданне пра Гогалі — Легенды Беларусі.
Непадалёку ад вескі Вілы ўзбоч дарогі ёсць два невялікія возеры – Вялікі і Малы Гогалі. Ад чужога вока іх захінае сасновы лес. Нетутэйшы чалавек нават і на здагадаецца, што дзесьці паблізу знаходзяцца вадаёмы.
Праз прызму стагоддзяў данесла да нас людская памяць паданне пра ўтварэнне гэтых азёр.
Даўно тое было. Яшчэ даўней на тым месцы, дзе цяпер б’ецца аб берагі вада Гогаляў, было паселішча. Мясцовы люд і цяпер знаходзіць ля вадаёмаў старадаўнія прадметы побыту. Здалёк прыехаў у паселішча хлопец са сваей дружынай. У вёсцы яго назвалі Чарнявым. Неяк гэты гэты Чарнявы запрымеціў мясцовую прыгажуню Бярозу. Тая ж нават не заўважала смуглявага прыгажуна, які стаў паўсюль падпільноваць дзяўчыну.
– Ідзі за мяне замуж, – угаворваў дзяўчыну Чарнявы. – У палацы жыць будзеш, як князёўна.
– Не трэба мне твайго багацця, — адказвыала Бяроза – Кахаю я другога. За яго замуж пайду.
Чарнявы ж не сунімаўся. Аднойчы ў вечары заспеў ён прыгажуню адну ў капліцы на могілках, дзе тая малілася Богу. З усіх бакоў абступілі дзеўку хаўруснікі няўдалага жаніха, каб тая не здолела ўцячы.
– Бяроза, любая, – енчыў чужынец, – ідзі за мяне. – Не пойдзеш сілай вазьму.
Цудам вырвалася дзяўчына з рук нягоднікаў і кінулася дахаты. У той самы момант капліца пачала правальвацца пад зямлю, заплываць балотнай тванню. Чарнывы і яго памагатыя так і не паспелі адтуль выбрацца. Вяскоўцы, якія сталі сведкамі здарэння, вырашылі, што Бяроза вядзьмарка, якую трэба забіць. Акружылі хату, у якой схавалася дзяўчына са сваім любым хлопцам і бацькамі, пачалі кідаць каменні, спрабавалі падпаліць будыніну, але нічога не атрымалася.
Раніцай замест хаты людзі ўбачылі прыгожае возера з празрыстай вадой – сімвалам духоўнай чысціні Бярозы. На месцы капліцы таксама ўтварылася возера значна меншых памераў. Не пакінуў Бог без пакарання і Чарнявага і яго памагатых, усяліў іх душы ў невялікія плывучыя астравы. Яны і цяпер, не знаходзячы пастаяннага прытулку, блукаюць па вднай роўнядзі Малога Гогаля. Час ад часу збіраюцца разам, і тады срозь шолах чароту прарываецца іх жалобны шэпт:”Бяроза!”
Запісаў В.У Тухта, Велеўшчынская школа, “Лепельскі край”.
Источник: http://www.museum.lepel.by/legends/