Дзядзіна — Легенды Беларусі.
Ну і дзядзіна ў мяне была, а багатая дык багатая!
Было ў яе сем моргаў зямлі, адна каза, сем хлявоў, тры гумны, і ўсе поўныя: у адным мак, у другім — так, а ў трэцім цапы віселі.
А як пойдзе, бывала, дзядзіна казу даіць, ды покуль казу найдзе, аж у мазгі зайдзе, а як зачне яе даіць, дык нясуць малако цэбрамі, вёдрамі, кадушкамі…
А масла дык білі на гумнішчы цапамі і маслянку ў застрэшкі змяталі; бедныя людзі дык ішлі з мяшкамі і з гаршкамі, з рэзгінамі: хто з чым прыйшоў, той з тым пайшоў.
А парсюкі кормленыя ў дзядзіны дык такія былі, што праз парог не маглі пралезці; але пад парогам дзірачка была, дык туды лазілі.
А грэчка ў маёй дзядзіны як зарадзіла! Вось дару божага было!
Калі палажылі стог на слупе ля прыпечка, дык вось быў стог!
Але зрабілася няшчасце: дзядзіна хусту вязала, хтосьці дзвярамі стукнуў, стог перавярнуўся ў начоўкі, і ратуначку не было!
Вось тут мая дзядзіна і збяднела. А дзяцей — з асьмін, а карміць няма чым.
Убачыўшы гэта, панскі аліндар як прыстаў да дзядзіны:
— Прадай казу ды прадай!
Ведаў, каб яго немач, што добрая каза.
Дзядзіна думала, думала — глядзіць, што няма чым карміць, і прадала казу.
Аліндар — казу браць, а каза ў лес наўцёкі, а воўк ды з лесу, ды яе за горла.
Покуль мы даляцелі, яна толькі крыкнула: «Мааа-гда!» — і зарэзаў яе воўк. Не так дзядзіне шкада было той казы, як таго, што каза імя яе ведала…
Источник: https://be.wikisource.org