Вёска Марс і Юпітэр — Легенды Беларусі.
Вёска Кукшэвічы і цяпер цягнецца на добрых паўтара кіламетра. Але старажылы памятаюць, што яшчэ да першай сусветнай вайны вёска была ўдвая большая. Дзве вуліцьі ішлі адна раўнамежна другой, і трэцяя перасякала іх.
Жылі ў неймавернай цеснаце, у іншы двор ледзь можна было заехаць з возам. Зямлі не хапала. Батрачылі, ад’язджалі на заробкі ў Мінск.
Калі ў 1914 годзе ў вёсцы пачаўся пажар, усе тры кукшэвіцкія вуліцы выгаралі дазвання. А тут пачалася вайна, падступіў фронт. Людзі жылі ў бядоце, туліліся ў зямлянках, па адрынах у суседніх вёсках.
І толькі пасля выгнання белапалякаў становішча змянілася: пагарэльцы атрымалі лес на будову. Вось тады вакол Кукшэвіч, якія таксама пачалі адбудоўвацца, і былі закладзены восем новых невялічкіх пасёлкаў. А імёны ім даваў малады калгаснік з Койданава, былы чырвонагвардзеец. Ён, дарэчы, і наразаў сялянам панскую зямлю.
Пасёлкі назваў ён падобна: Рабінаўка, Арэхаўка, Малінаўка, Гарохава… А потым, відаць, і сам бравы каморнік заўважыў сумнае падабенства назваў і замацаваў за двума пасёлкамі «планетныя» імёны, пра якія ў наваколлі ніхто нават і не чуў — Марс і Юпітэр.
Источник: https://be.wikisource.org