Жывая вада — Легенды Беларусі.
Калі ў вёсцы Сасіны стаяла яшчэ старая царква, каля яе біла крыніца з жывою вадою. Прыходзілі сюды людзі хворыя і кульгавыя, а калі памыюцца жывою вадою, дык адыходзілі здаровыя. Слава аб цудоўнай крыніцы ішла далёка па свеце. Усё больш і больш прыходзіла з розных краёў людзей няшчасных на вылячэнне.
Аднойчы прыйшла аднекуль да крыніцы знатная пані з хворым сабакам. Яна без спросу ў людзей выкупала сабаку ў жывой вадзе.
— Што ты робіш? — абурыліся хворыя і калекі.— Ці ж можна купаць у цудоўнай крыніцы нячыстае стварэнне?
— Мой сабака чысцейшы ад вас, паганых,— фанабэрыста адказала пані.
Ніхто з людзей не пасмеў пярэчыць знатнай пані і яе здаравенным лёкаям.
Як толькі панскі сабака вылез з вады, на вачах у людзей берагі крыніцы сышліся, жывая вада знікла.
Жаласны стогн пракаціўся па натоўпе… Пані, прадчуваючы нядобрае, праз момант знікла. Людзі кінуліся ратаваць цудоўную крыніцу. Адкопвалі яе чым хто мог. Капалі і рыдлёўкамі і рукамі. Капалі і многа і доўга. Але не маглі трапіць на яе след. Зямля ўсюды была сухая. Пасмутнелыя людзі разбрыліся па сваіх хатах.
Праз нейкі час на месцы цудадзейнай крыніцы зноў з’явілася вада. Але яна ўжо не біла халодным струменем, а кропля за кропляй сачылася, быццам слёзы. Людзі зноў кінуліся да крыніцы. Кропля да кроплі збіралі ваду і шукалі ў ёй ратунку ад сваіх няшчасцяў і хвароб. Але вада больш не лячыла.
Як знікла крыніца з жывою вадою, на вёску пасыпалася няшчасце за няшчасцем. Ноччу ўвосень невядома ад чаго згарэла старая царква. Людзі ўміралі, як мухі, і некаму было хаваць нябожчыкаў. Людзі ва ўсім вінавацілі фанабэрыстую знатную пані з сабакам. Не шукалі яны збавення ў крыніцы. Сцежкі да яе хутка зараслі травой і карчамі, а людзі пачалі забываць месца, дзе некалі біла жывая вада. Крыніца ж не дала забыць аб сабе. Нават тады, калі збожжа на палях жоўкне ад няўмольнай засухі, на месцы крыніцы заўсёды кропля за кропляй сочыцца вада, быццам слёзы па загубленым шчасці.
Источник: https://be.wikisource.org