Богамаленне — Легенды Беларусі.
Жыў адзін чалавек, што не ўмеў Богу маліцца і ў царкву ніколі не хадзіў, а добрай душы быў чалавек.
Жыў ён у адзіноце, нікому злога не рабіў, не з’ядаў чужога дабра, не піў сіроцкіх слёз, не смактаў людскога поту. З усходам сонца ўставаў, браўся за работу, працаваў шчыра, да поту; з заходам спаць лажыўся.
Устаўшы ранкам і кладучыся спаць, пойдзе, бывала, к калодзе і скача цераз яе, скача і прыгаворвае:
— Табе, божа! Мне, божа! Табе, божа! Мне, божа!
Раз трыццаць пераскочыць калоду — і ўсё яго богамаленне. Доўгага веку дажыўся ён, і людзі яго шанавалі за справядлівасць. Але, вядома, дурняў ёсць нямала: думалі, што кепска яму будзе на тым свеце за тое, што ён не ўмее Богу маліцца і ў царкву не ходзіць. І сталі гэта яго ўгаворваць.
— Схадзі ды схадзі ў царкву хоць раз у сваім жыцці, без гэтага,— кажуць,— і ў рай не пападзеш.
Паслухаў ён людзей і пайшоў з імі на Вялікдзень у царкву. Каб хутчэй дайсці, пайшлі яны пуцінкамі. Прыходзяць к рацэ, цераз раку моста не было, а так, ляжала кладачка. І сталі людзі пераходзіць на другі бераг па кладачцы, а гэты чалавек пайшоў проста па вадзе, як па сухому. Перайшоў і нават ног не замачыў. Людзі аж здзівіліся.
Прыйшлі ў царкву. Народу сабралася многа-многа — вядома, Вялікдзень. Усе гэта ціснуцца ўперад, штурхаюць адзін аднаго, самі не моляцца і другім не даюць. Бабы сабраліся ў кутку і, як тыя сарокі, сакочуць, адна адну абгаворваюць, толькі сваркі заводзяць, а іншыя дрэмлюць стоячы. Хлопцы з дзяўчатамі смяюцца. Папы бяруць на малебны, гандлююць, свянцонае свенцяць, мяркуюць, каб сабе болей адрэзаць: вядома, паповы вочы ніколі не поўны.
Вось табе і богамаленне, і ратунак душы. Адзін сорам…
Скончылася богамаленне, пайшлі людзі дамоў разгаўляцца. Ідучы назад, паспрабаваў гэты чалавек перайсці цераз раку — і да каленяў апынуўся ў вадзе. Аж заплакаў, небарака, азірнуўся ён да людзей і кажа:
— Добрыя людзі, ішоў я ў царкву, грахоў не меў, з царквы вяртаюся і грахі нясу: гэта яны мяне ў ваду пацягнулі. Мабыць, што ў царкве і я саграшыў.
Источник: https://be.wikisource.org