Адкуль Узда — Легенды Беларусі.
Пад Койданавам беларусы разбілі татараў, а сам татарскі атаман Кайдан уцёк. Але беларусы дагналі яго там, дзе цяпер Узда стаіць, і ранілі.
Падаючы з сядла, Кайдан ухапіўся за ўзду свайго каня і сказаў:
— Вось дзе напаткала мяне смерць.
На тым месцы пачалі будавацца людзі, і пасяленне тое назвалі Узда.
А яшчэ расказваюць, што даўно-даўно, калі тут яшчэ нічога не было, праязджаў неяк рускі цар і згубіў залатую ўзду. Яго слуга, шукаючы тут залатую ўздзечку, ездзіў на кані то ў адзін бок, то ў другі. А чалавек адзін, бачачы гэта, спытаўся ў конніка, чаго ён шукае. І той кажа, што шукае залатую ўзду. Вось ад таго быццам наша мястэчка і завецца Узда.
Источник: https://be.wikisource.org