Адкуль Івянец — Беларускія легенды і паданні.
У глыбокай старажытнасці адна вельмі багатая княгіня, невядома адкуль праязджаючы праз Івянецкую мясцовасць, угразла разам з брычкай і коньмі ў невялікай балоціне…
Людзі навокал не жылі, і таму ратаваць не было каму. Княгіня, бачачы немінучую пагібель, прыйшла ў роспач і ў той самы час убачыла недалёка прыгожую жанчыну, што пляла вянок з кветак.
— Як мне выратавацца ад няшчасця? — запыталася княгіня ў жанчыны.
— Згадзіся насяліць гэту мясцовасць народам — выратуешся,— сказала жанчына.
— Згодна,— адказала княгіня.
Коні яе адразу выйшлі з балота, нібы з ручая, не адчуваючы ніякага цяжару.
Тады княгіня запытала ў жанчыны, як назваць гэта месца.
— Ці бачыш у маіх руках вянок?
— Бачу,— адказала княгіня.
— Дык назаві новае месца Івянцом,— сказала дзіўная жанчына і знікла.
Источник: https://be.wikisource.org