Смерць чараўніка — Заклятыя Скарбы.
Жыў у нашай вёсцы чараўнік, які знаўся з нячыстай сілай. I быў у яго сын. Калі бацька пачаў паміраць, сын папрасіў:
— Навучы мяне чараваць, бо памрэш, а я нічога не буду ведаць.
— Добра, навучу, — згадзіўся стары чараўнік. — Залезь на печ і глядзі на мяне праз хамут.
Сын так і зрабіў. Залез на печ і цікуе праз хамут. Бачыць — канае бацька. Тут як тут зляцеліся чэрці. Мучылі бацьку, мучылі, аж пакульён язык не высалапіў. Тады чэрці падзялілі паміж сабою чалавечыя косці, жылы і вантробы, а скуру кінулі. Галоўны чорт залез у яе і рагоча:
— Глядзіце, што я прыдумаў! Няхай замест нябожчыка мяне абмываюць, аплакваюць і хаваюць. Вось нам смеху будзе!
Тым часам збегліся суседзі. Паставілі ў печ ваду грэцца, мерцвяка паклалі ў карыта, каб абмыць перад апошняй дарогай. Суседзі, вядома, радыя, што чараўнік памёр, але хаўтуры спраўляюць па-людску.
Сын таксама злез з печы, сядзеў каля нябожчыка і маўчаў. А потым падскочыў — і да печы.
Схапіў гаршчок з варам і бяжаць да карыта. Убачылі суседзі, што ён хоча лінуць кіпень на бацьку, пачалі сварыцца:
— Што ты робіш?! Ты ж бацьку роднага ашпарыш!..
— Гляньце, які гэта бацька! — адказаў сын.
I плюхнуў вар на мерцвяка. Як трэсне на ім скура! Як сігане чорт у карыце з хаты — толькі яго і бачылі.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_7436