Напасць — Заклятыя Скарбы.
Вёз чалавек у горад пшаніцу прадаваць. Сустрэлася яму па дарозе баба з кавальскім молатам на плячы. I просіць жаласліва:
— Падвязі, чалавеча, мой молат.
— Добра, падвязу.
Укінула баба молат на воз, а сама побач пешкі ідзе. Потым пытаеца:
— Скажы, гаспадарыку, а ці молішся ты Богу ад злой напасці?
— Навошта мне маліцца? — здзівіўся чалавек. — Яна і так да мяне не прычэпіцца.
— А ты маліся, дзетка, — няўхвальна заківала галавой старая, — бо пашкадуеш, што не маліўся… Сказала так і залезла на воз.
Едуць далей. Пад’язджаюць да горада, баба зноў пра сваё:
— А чаму ты не молішся ад напасці?
Маўчыць чалавек, а сам сабе думае: «Што з дурною бабаю гаманіць…» Яна ж не сунімаеца, зноў са сваім пытаннем лезе. Так дапякла, аж чалавек прыгразіў:
— Сядзі, калі сядзіш, бо папру з воза! Нарэшце прыехалі на кірмаш. Выпраг гаспадар коні, паставіў каля воза, сена падкінуў. А баба не злазіць, сядзіць на мяхах з пшаніцай.
— Бяры свой молат ды ідзі, куды табе трэба, — кажа ёй чалавек.
А яна на ўвесь кірмаш: — Ты чаго прывязаўся да майго воза? Прывезла твой молат, дык яшчэ лаешся!.. Усчалася сварка. Прыбегла паліцыя.
— Што тут здарылася? Чалавек кажа, што ён падвёз бабу, а баба бубніць, што яна яго падвезла. Вядома, усе заступаюца за бабу, бо кавальскі молат не для жаночых рук. Хацелі ўжо гаспадара ў астрог валачы.
Давай ён маліца, хрысціцца і плакаць: — I не сніў, — кажа, — і не думаў, што такая напасць прычэпіцца!..
Зарагатала тут баба і злезла з воза. — Глядзі, чалавеча, помні, што я па дарозе табе казала, бо завуць мяне — Напасць. Сказала так і знікла, як скрозь зямлю правалілася.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_7773