Дамавы ездзіць на конях — Заклятыя Скарбы.
Сядзелі мы ў карчме. Дымім сабе люлькамі, гамонім. Потым заходзіць Купрэй і давай жаліцца, што хтосьці ўночы заезджвае коней у хляве.
— Мабыць, той самы, — кажа Мікіта Кульган. — Летась як прычапіўся да маіх коней, дык ледзь жывымі пакінуў! Я выгладзіў іх, як лялек, а ён за тыдзень заездзіў — адна шкура ды косці засталіся.
— I з маімі тое сталася, — бядуе Купрэй. — Чую сёння ўночы — грукаюць коні. Запаліў лучыну, пабег у хлеў. Адчыняю дзверы, а коні ў мыле, быццам хтосьці гнаў іх няшчадна. Відаць і праўда дамавы цешыцца, ён любіць, калі пад ім гладкія коні…
Парадзь, Мікіта-братка, што рабіць. Мо трэба шукаць людзей, каб нагавор адрабілі? Ці зайздроснае вока таму віною?..
— Ды плюнь ты, Купрэй, не паможа! — кажа Мікіта. — Паслухай, што я зрабіў. У мяне яшчэ горш было, бо я нават не здагадваўся, што гэта дамавы гарцуе на конях. Толькі бачу — як ні кармлю іх, колькі аўса ні сыплю, яны ўсё роўна блажэюць, ледзь ногі перастаўляюць. Дзякуй суседу — у час перасцярог. — Глядзі, — шапнуў, убачыўшы маю бяду, — ці не дамавы гэта ездзіць на тваіх конях?
Пайшоў я ўночы вартаваць. Залез на вышкі і пазіраю зверху на коней. У мяне над імі, каб цяплей было, салома на жэрдкі накідана. Ляжу, не варушуся і пазіраю праз шчылінку. 3 вечара коні стаялі ціха, хрумалі сена. Дзесьці каля поўначы перасталі есці, давай пераступаць з нагі на нагу, давай чмыхаць, калаціцца ўсім целам. Быццам бягуць і спыніцца не могуць. Праз якую гадзіну паваліла з маіх канякаў кавалкамі пена.
На другую ноч заселі мы з суседам удвух пільнаваць коней. Запалілі грамнічную свечку і накрылі зверху гаршком. Узялі таксама свянцонай вады. Сядзім, чакаем, пакульён не з’явіцца. У поўнач зноў пачалі коні тупаць і дрыжаць. Зняў я гаршчок з грамнічай свечкі — светла ў хляве стала. Зірнулі з вышак уніз і ўбачылі: сядзіць на адным кані сівы дзядок з доўгай барадою і паганяе бізуном маіх коней.
Пырснуў сусед на яго свянцонай вадой — ён і знік. Назаўтра павесіў я ў хляве забітую сароку, што, кажуць, засцерагае ад нячыстай сілы. 3 таго часу дамавы не чапае коней.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_7488