Новае ў пошуках Радзівілаўскай скарбніцы (Паданні і легенды Нясьвіжа).
Спробы знайсці скарбніцу Радзівілаў не спыніліся і ў наш час. З’яўляюцца новыя сведчанні, гіпотэзы, версіі. Згадаем некаторыя з іх.
Беларускі навуковец Сяргей Рыбчонак выступіў з артыкулам, дзе падае новыя звесткі пра золата Радзівілаў, лёс якога ахутаны таямніцамі, пра страшнае разрабаванне Нясвіжскага замка ў 1812 годзе, падмацоўваючы факты архіўнымі дакументамі.
У 1808 годзе князь Дамінік Радзівіл загадаў правесці рэвізію сваёй скарбніцы. Цікавасць выклікае апісанне цыборыума (месца ў алтары. – Ш.-П.). Срэбныя дзверы да гэтага цыборыума ўпрыгожвалі фігуры пазалочаных апосталаў. Робіцца выснова, што знакамітыя апосталы ў скарбніцы не былі асобнымі скульптурамі, а складаліся ў кампазіцыю на дзвярах.
Заслугоўвае ўвагі апісанне скарбніцы ў 1812 годзе. Вось што сведчаць дакументы. Уланскі палкоўнік Кнорынг захапіў замак і пасадзіў упраўляючага Альберта Бургельскага за краты. Праз некалькі дзён у Нясвіж прыехаў генерал-маёр Тучкоў і ўчыніў арыштаванаму допыт.
Спачатку яго ўгаворвалі паказаць месца скарбніцы, а потым забілі на яго вачах некалькі служкаў, пагражаючы зрабіць тое ж самае з ім. Бургельскі спалохаўся і паказаў патаемны лёх. Мураваную сцяну разламалі і ўбачылі велізарнае багацце, якое Тучкоў хацеў прысвоіць сабе. Але адмірал Чычагаў даведаўся аб знойдзеных скарбах і загадаў стварыць камісію з вышэйшых афіцэраў. Чычагаў забраў усё, у тым ліку “…серебро и золото в разных особенных штуках”. Ён павёз знойдзенае ў Санкт-Пецярбург імператару Аляксандру I. Каштоўнасці займалі некалькі дзесяткаў брычак.
3 снежня 1812 года корпус Тучкова зноў наведаў Нясвіж. Генерал загадаў пасадзіць Бургельскага за краты і не даваць яму есці, пакуль не пакажа іншыя сховішчы. Тучкоў забраў апошняе, што заставалася ў замку. Гэта яму дорага каштавала. За рабаўніцтва замка генерала вызвалілі ад пасады і завялі на яго крымінальную справу. Следства зацягнулася аж да 1826 года, пакуль не вынеслі такое рашэнне: “Генерал-маёр Сергей Александрович Тучков ни в каких злоупотреблениях или покорыствованиях не доказан…” Пад падазрэннем аказаўся і адмірал Чычагаў, які пасля адстаўкі з’ехаў у Францыю і больш ніколі не прыязджаў на Радзіму.
Новая гіпотэза ў дачыненні княжацкай скарбніцы з’явілася амаль праз 170 гадоў у 1992 годзе. Робіцца выснова, што яна магла быць схавана ў Мірскім замку, які належаў у той час Радзівілам. У Міры з даўніх часоў існуе народнае паданне аб нібыта схаваных у падвалах незлічоных багаццях. Іх нібыта ахоўвае мярцвяк-прывід, апрануты ў сабалёвую даху, пад якой знаходзіўся стальны панцыр. Мяркуюць, што ў марозным лістападзе 1812 года адбыўся запланаваны выбух, каб схаваць пад руінамі ўваход у падзямелле. Час і падзеі апошняй вайны яшчэ больш разбурылі замак.
На працяху некалькіх дзесяткаў гадоў у Нясвіжы працавалі аматары-скарбашукальнікі. Яны вялі раскопкі каля Міхальскай гары, патаемна працавалі ў крыпце бенедыкцінскага кляштара, у падзямеллях замка.
У жніўні 2001 года ў газеце “Свободные новости” з’явілася інтэрв’ю журналіста Алега Карповіча з чарговым скарбашукальнікам. Герой рэпартажу А. I. Канойка распрацаваў свой метад, які дапаможа, на яго думку, у пошуках скарбаў Радзівілаў. 3 дапамогай біалакацыйнага метада ён раіць шукаць золата ў адгалінаванні падземнага хода каля Нёмана. У час работы А. I. Канойка знайшоў частку хода даўжынёй у сто метраў, дзе і вырашыў шукаць скарб. З ім была і патрэбная тэхніка. Пачалі бурэнне ва ўказаным месцы. На глыбіні 16 м бур спыніўся і зламаўся. Работы прыпынілі.
Не абмінула таямніцу радзівілаўскіх скарбаў і газета “Звязда”. У кастрычніку 2001 года тут быў надрукаваны артыкул Уладзіміра Ксенза “Беларускі трохвугольнік. Залаты?” Аўтар у свой час быў старшым афіцэрам спец-службаў і павінен быў апекаваць і ахоўваць сям’ю вядомага пісьменніка Валянціна Пікуля. У гэтай сям’і захоўваўся агромністы архіў, дзе было шмат матэрыялаў пра род Радзівілаў.
Аднойчы пісьменнік паведаміў чэкісту, што яго мясцовасць “тоіць у глыбіні стагоддзяў тайну” і назваў тое месца паміж гарадамі Радунь-Ліда- Іўе. У гэтым трохвугольніку было калісьці схавана, па словах Пікуля, татарскае золата. Гэта было ў час княжання Міндоўга, потым Вітаўта. Пікуль сцвярджаў, што татары часта вярталіся на гэтае месца, але золата не знайшлі. А знайшоў яго Міхал Казімір Радзівіл. Дзякуючы гэтаму золату ён пасля страшэннай Паўночнай вайны (1700-1725) занава адбудаваў Нясвіж.
Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька, выконваючы запавет продкаў, выліў 12 залатых апосталаў і ўпрыгожыў іх каштоўнымі камянямі. У 1792 годзе ў час штурму Нясвіжскага замка рускімі войскамі радзівілаўская скарбніца была надзейна схавана.
Уладзімір Ксенз заканчвае артыкул так: “Думаю, што цяпер, калі прыадкрыта завеса гісторыі пра залаты “Беларускі трохвугольнік”, чытачы будуць больш уважліва прыглядацца да нашай мясцовасці, можа, некаму і наканавана стаць другім – пасля Радзівілаў”.
Автор: Клавдия Яковлевна Шишигина-Потоцкая
Источник: http://jivebelarus.net/interes/legends-of-nesvizh.html