Таямніцы нясвіжскіх саркафагаў (Паданні і легенды Нясьвіжа).
Вялікую плошчу пад нясвіжскім касцёлам займае царства мёртвых – шматлікія дамавіны з муміямі, якія захаваліся да нашага часу. На працягу некалькіх стагоддзяў тут хавалі гаспадароў Нясвіжскага замка.
Першае пахаванне датуецца 1616 годам, апошняе – 1936-м. Саркафагі ўяўляюць сабой дзве труны: металічная ўкладзена ў драўляную. Металічная труна напалову зашклёная. Цяперашнія “насельнікі” дамавін пры жыцці аказвалі ўплыў на лёсы мільёнаў людзей, карысталіся з працы шматлікіх прыгонных, мелі свае сакрэты і загадкавыя асаблівасці, якія яны забралі з сабой у гэтае маўклівае сховішча.
Толькі легенды і паданні спрабуюць прыадкрыць іх таямніцы.
Пачнём наша апавяданне з гісторыі пра пакой, у якім пахаваны бацькі і дванаццаць малалетніх дзяцей. Маці ўсіх рана памершых дзяцей была Кацярына, жонка Міхала Радзівіла.
У легендзе Кацярына Радзівіл падаецца глыбока няшчаснай жанчынай, якая часта хавала сваіх дзяцей, а потым гадамі хадзіла ў жалобе. Пакуты маці былі такія вялікія, што нават ноччу ў час сну яе душа не ведала супакою. Яна пакідала цела і ляцела да падзямелля, дзе былі пахаваны дзеці. Праз вузенькія краты душа дабіралася да маленькіх дамавін і тут ператваралася ў саву. Па чарзе птушка жудасна галасіла над кожнай дамавінай. У тых, хто выпадкова аказваўся непадалёку ад касцёла і чуў гэтыя крыкі, валасы ўставалі дыбам на галаве, а іншыя нават трацілі прытомнасць.
У некаторых творах літаратуры гэтае хвалюючае паданне мае працяг. Адна з дачок Кацярыны Радзівіл – Караліна дажыла да шаснаццаці гадоў і рыхтавалася выходзіць замуж за каханага хлопца. Маці лічыла, што яна ўжо перайшла тую мяжу, якая пагражала яе жыццю, але на ўсякі выпадак Караліну перавезлі ў іншы замак. Там, спадзявалася жанчына, злы лёс абміне любімую дачку.
Кожную раніцу прыгожая Караліна пачынала з прымеркі шлюбных убораў. Дастаўлялі ёй лепшыя сукенкі з Варшавы, Парыжа, Берліна. Мясцовыя майстрыхі шылі і вышывалі цудоўныя аздобы да вяселля. Пасля прымерак маладая ў белым пеньюары з распушчанымі валасамі любіла чытаць, седзячы за сталом у сваім пакоі, праз высокія вокны якога ўліваліся яркія промні сонца.
Аднойчы Кацярына зайшла да дачкі ў такі час і паклікала. Караліна маўчала. Яе галава ляжала на стале на разгорнутай кнізе. Здавалася, што дзяўчына задрамала ад цеплыні сонечных промняў. Маці падышла да стала і ўзяла яе за руку. Рука была, як у нежывой. На крык Кацярыны збегліся слугі, перанеслі Караліну на ложак, але прывесці ў прытомнасць ужо не змаглі. Няўмольны лёс забраў у маці і гэту дачку.
Роспач і гора няшчаснай былі няўцешныя. Яна загадала выліць з воску фігуру дачкі ва ўвесь рост і пасадзіць за стол так, як тая сядзела ў апошнюю раніцу свайго кароткага жыцця. Валасы былі натуральныя, доўгія, хвалістыя, колеру золата. На руках сапраўдныя дарагія пярсцёнкі, якія ўпрыгожвалі пальцы Караліны ў той трагічны момант. Падабенства было такім вялікім, што, здавалася, вось зараз дзяўчына прыпадніме галаву ад кнігі, засмяецца пунсовымі вуснамі і кінецца ў абдымкі маці. У пакоі на ложку, дыванах, на падлозе ляжалі параскіданыя шлюбныя ўборы, цудоўныя светлыя сукенкі, вэлюм, а на ўсім гэтым харастве ляжала празрыстае чорнае пакрывала.
Кажуць, што Кацярына да апошняга свайго дня ўжо ніколі не смяялася, часта прыходзіла ў пакой дачкі, малілася, размаўляла з ёю, плакала.
Сяброўкі Караліны павыходзілі замуж і забыліся пра яе, усцешыўся з другой закаханы жаніх, і толькі сэрца маці помніла дачку, крывавыя раны не загойваў нават час. Кацярына не пазбавілася жальбы да самага свайго скону. Перад смерцю яна аддала загад зрабіць васковую фігуру сябе самой на каленях перад ложкам дачкі. Ніхто не меў права заходзіць у жудасныя пакоі пасля смерці маці. Людзі ў замку баяліся нават наблізіцца да гэтага месца.
Автор: Клавдия Яковлевна Шишигина-Потоцкая
Источник: http://jivebelarus.net/interes/legends-of-nesvizh.html