Прыбарская крыніца — Легенды Беларусі.
Жыў калісьці ў гэтай мясцовасці (паміж Цяхціном і Прыбарам) пан. І была ў таго пана дачка. Прыгожая і адзіная ў панскай сям’і. Ведама, бацька яе вельмі шкадаваў і шанаваў.
Усяму прыходзіць свой час. Пакахала панская дачка маладога хлопца. Бацьку дзяўчыны ён вельмі не спадабаўся. Забараніў пан строга ім сустракацца.
Але што для закаханых забарона? Калі кахаеш, усе перашкоды адолееш. Вось і вырашылі яны ўцячы, каб жыць-пажываць разам.
Калі пан даведаўся пра іх змову, дачка ўжо ехала ў карэце са сваім каханым.
Бацька пракляў сваю дачку. І ў гэты самы момант, калі ён прамаўляў апошнія словы праклёну, зямля расступілася, і карэта пайшла пад зямлю.
На тым месцы ўтварылася крыніца: паміж вёскамі Цяхцін і Прыбар, каля лесу на лузе. І колькі было непагадзі, засухі, але тая крыніца, як жывая, заўсёды б’е ключом.