Страшны залом – «Беларускія народныя казкі».
Даўней бадай што ў кожным сяле быў свой вядзьмар. А што ні вядзьмар — то найпершы чмут. Вядзьмар і шэпча, і заломы вырывае, і ўсялякім чарадзействам займаецца. Людзі баяліся іх, дагаджалі, як ліхой скуле.
Дык вось, быў у адным сяле такі вядзьмар. Яго ведалі не толькі ва ўсёй аколіцы, а і ў цэлай акрузе. Ніхто не асмельваўся сказаць яму што насуперак, каб не зрабіў чаго ліхога.
Але быў у тым сяле адзін смелы чалавек. Звалі яго Тодарам. Многа ён па свеце хадзіў, шмат дзе быў, шмат чаго бачыў.
— Чмуціць ён, ваш вядзьмар, — кажа Тодар суседзям. — Нічога ён не знае і не ведае.
— Што ты гаворыш! — не вераць суседзі. — Глядзі, каб не наслаў ён на цябе бяды…
— Ну, то самі ўбачыце, праўду я кажу ці не.
Пайшоў Тодар у сваё жыта і заламаў там залом.
Праз колькі дзён прыходзіць да ведзьмара.
— Так і так, — кажа, — нейкі ліхадзей заламаў у маім жыце залом. Баюся, каб што благое мне не сталася. Схадзі вырві. Ты ж з гэтаю нячыстаю сілаю знаешся. Я табе заплачу, што захочаш.
Пачуўшы пра плату, вядзьмар ахвотна згадзіўся. Пайшлі на поле. Вядзьмар паглядзеў на залом здалёк і кажа:
— Вельмі ж страшны залом. Так да яго падступацца я і сам баюся.
Скінуў ён сарочку, каб большага туману напусціць на Тодара, і ракам папоўз да залома.
Паўзе вядзьмар і ўсё крэхча, што страшны залом нехта заламаў: відаць, на гаспадарову смерць. Давядзецца даражэй узяць з Тодара за такі залом.
Падышлі сюды і Тодаравы суседзі падзівіцца, як вядзьмар будзе страшны залом вырываць.
Тут Тодар, доўга не думаючы, уссеў на ведзьмара верхам, дастаў з-пад крыса дручок ды давай дубасіць ашуканца:
— Я ж табе, шэльма, пакажу, які гэта страшны залом! Я ж яго сам і заламаў!
Раве вядзьмар немым голасам, а Тодар дубасіць яго па чым папала. Біў, біў, а потым пытаецца:
— Будзеш добрым людзям галовы дурыць?
— Не, — енчыць вядзьмар, — пусці толькі жывога.
Пусціў Тодар ведзьмара. Усхапіўся той ды наўцекача — і сарочкі адрокся.
Напужаліся суседзі, думалі — вядзьмар са свету Тодара зжыве: ён жа ўсё можа зрабіць… Ажно мінае тыдзень, другі, а Тодар жыве і на ведзьмара чхае.
Вядзьмар жа керхаў, керхаў ды і скапыціўся: відаць, Тодараў дручок быў мацнейшы за яго чары.
Источник: https://be.wikisource.org