Балдук і Балдучыха — Легенды Беларусі.
Сярод дрымучых лясоў, дзе зараз красуюцца азёры Балдук і Балдучыха, стаяла вёска.
Жылі ў ёй працавітыя людзі: гадавалі жывёлу, палявалі, рыбачылі – усё здабытае дзялілі па справядлівсці. Ля кожнай хаты расла рабінка, з ягад і зёлак умелі рыхтаваць лекі ад розных хвароб.
Але пасля таго, як у наваколлі з’явіўся злы вядзьмар, жыццё ў вёсцы разладзілася. Заразіў ён людзей зайздрасцю, сквапнасцю, няўжыўчывасцю. Дзеці перасталі паважаць бацькоў, бацькі апеквацца дзецьмі , брат пайшоў на брата.
Быў сярод вяскоўцаў мудры, паважаны усімі чалавек, – вяшчун, які умеў не толькі прадракаць будучыню але пры небяспецы знаходзіць і спосаб уратавання. Двойчы выратоўваў ён вёску: раз ад голаду і раз ад пошасці. І па законах магіі мог ён зрабіць гэта толькі тройчы. Варажнеча сярод людзей зайшла так далёка, што была страшней за голад і пошасць.
Вяшчун стаў рыхтаваць чарадзейнае зелле. У гэты момант да яго прыйшоў вядзьмак, зарагатаў: “Дарэмна стараешся, вяскоўцы сапсаваліся канчаткова. Хаця ты выведаў сакрэт чароўнага зелля, але не знойдзеш людзей, каб згадзіліся на ахвярнасць дзеля другіх – б’юся аб заклад. Я нашлю на вёску бяду, і калі хоць дзесятая частка тваіх суседзяў праявіць клопат пра іншых, то я адступлюся, у всцы запануе дабрыня. А калі не, то не жыць людзям у гэтай прыгожай мясціне”.
Вяшчун спадзяваўся на разважнасць сваіх аднавяскоўцаў, верыў, што ў час усеагульнай бяды яны згуртуюцца, не пакінуць бліжніх. Чарадзейнае зелле паказала, што выратаваць людзей ад бяды з дапамогай цудадзейнай вады змогуць Балдук і Балдучыха, бо іх сэрцы не заплямлены ніякімі хібамі. Але ім прыдзецца прайсці праз выпрабаванне, а калі вяскоўцы не апамятаюцца, то і загінуць. А людзей тады чакае выгнанне.
Цёмнай купальскай ноччу Балдук і Балдучыха пайшлі ў лясную глухамань за чароўнай вадой. Крычалі совы, патаемныя шоргаты, страшныя цені нейкіх пачвар суправаджалі іх, але яны дайшлі да цудадзейнай крыніцы, якая пырскала з-пад гары, і набралі вады.
Калі вярнуліся ў вёску, то ўзняўся вецер, пачаў ламаць, крышыць рабінкі, зрываць стрэхі з хат, стаў лупіць пярун, а з неба, бы з магутнай ракі, хлынула вада. Людзі ад страху павыскаквалі з хат, ратавалі кожны сам сабе, ні пра дзяцей, ні пра хворых ніхто не падумаў. Вада залівала вуліцы, людзі сталі ўзбірацца на стрэхі, залазіць на дрэвы. Балдучыха выліла частку вады са збаночка, і навальніца зразу супакоілася. А людзі ператварыліся ў буслоў і, цяжка ўзмахваючы крыламмі, пачалі пакідаць вёску, разлятацца ў розныя бакі. Як толькі дакраналіся зямлі, зноўку ператвараліся ў людзей.
Яны заснавалі новыя вёскі: ад Барыса пайшла вёска Барысы, ад Янука – Януковічы, ад Яцэка – Яцыны. Балдук і Балдучыха – сведкі гібелі роднай вёскі, стаялі, трымаючыся за рукі, а потым растаялі, ператварыліся ў азёры. Як яны трымаліся за рукі, то і зараз азёры Балдук і Балдучыха звязаны між сабой рукой-пратокай. Рэшткі чароўнай вады са збаночка распырскаліся па наваколлю, і па сённяшні дзень сцякаюць у азёры дзесяткамі крыніц.