Як Іван чарцей перахітрыў

Як Іван чарцей перахітрыў – «Беларускія народныя казкі».

Жыў дзед з бабаю. І было ў іх тры сыны. Бедна жылі, з хлеба на квас перабіваліся.

Памерла баба, а за ёю прыйшла чарга і да дзеда. Паклікаў бацька перад смерцю сыноў і кажа ім:

— Гаспадаркі я вам не нажыў, падзялю, што маю.

І даў старэйшаму сыну жоўтага катка, сярэдняму — жорны, а малодшаму, Івану, — вязку лык на лапці.

Падзяліў так сваю гаспадарку, а сам скора і памёр.

Пажылі трохі браты, з’елі бацькаў хлеб і пачалі думаць аб заработках.

Узяў старэйшы брат жоўтага катка пад паху ды пайшоў у свет работы шукаць.

Доўга ён ішоў ці коратка, аж у дарозе і ноч яго агарнула. Зайшоў ён у адну хату, просіцца пераначаваць. Яму кажуць:

— Ой, добры чалавек, у нас мышэй і пацукоў поўна — мы ад іх адбараніцца не можам. А цябе, свежага, яны і зусім з’ядуць.

— Нічога, — кажа падарожны, — можа, як і пераначую.

Пазалазіла гаспадарова сям’я спаць на палаткі, а падарожнік лёг на падлозе з катком.

Прачнуліся назаўтра гаспадары, бачаць — на падлозе цэлы груд мышэй і пацукоў, а каля падарожнага сядзіць нейкі жоўты звярок ды мурлыкае паціху.

У той старане людзі не мелі яшчэ катоў і нічога пра іх не ведалі.

Прысталі яны да падарожнага:

— А браток, а галубок, прадай нам свайго звярка!

— Не, — кажа падарожны, — звярок гэты не прадажны.

Далажылі тыя людзі пра дзіўнага звярка свайму цару. Паклікаў цар да сябе падарожнага. Пераначаваў падарожны ў цара адну ноч, — каток і там цэлую гару мышэй нацягаў. Цар аж вачам не верыць.

— Што хочаш бяры, — кажа падарожнаму, — а прадай нам свайго звярка.

— Абсып яго, цар, серабром, тады бяры.

Цару рабіць няма чаго — мусіў згадзіцца.

Узяў гаспадар свайго катка за пярэднія лапкі, паставіў на заднія.

— Цяпер сып! — кажа цару.

Цар усё сваё серабро высыпаў — і абсыпаў катка.

Забраў падарожны серабро ды пайшоў дадому. Пабудаваў сабе добрую хату, завёў гаспадарку, ажаніўся і жыве прыпяваючы,

Сярэдні брат паглядзеў на яго і кажа:

— Пайду і я з сваімі жорнамі ў свет. Можа, і яны мне шчасце прынясуць.

Узяў жорны пад паху ды пайшоў.

Доўга ён ішоў ці коратка, застала яго ў дарозе ноч. Бачыць — стаіць пры лесе хатка. Зайшоў ён туды — нікога няма. Залез ён на палаткі з сваімі жорнамі і заснуў.

Уночы прыйшлі ў хатку разбойнікі, высыпалі з кішэняў на падлогу кучу грошай і пачалі дзяліць.

Падарожны тым часам хацеў павярнуцца на другі бок, ды незнарок штурхнуў свае жорны. А тыя — тарарах! — на падлогу. Разбойнікі як усхопяцца — ды ходу! І ад грошай адракліся…

Злез падарожны з палатак, забраў грошы і пайшоў дахаты.

Ну, вядома, хутка зажыў ён, як і большы брат.

Паглядзеў на іх малодшы брат, Іван, і кажа:

— Пара і мне шчасця паспрабаваць.

Узяў свае лыкі і пайшоў у свет. Ці доўга ішоў, ці коратка — стапталіся лапці. Сеў ён на купіне сярод балота і пачаў з лык палоскі рэзаць, каб новыя лапці сплесці.

Выскаквае раптам з балота чорт. Паглядзеў на Івана і пытаецца:

— Што гэта ты, Іван, робіш?

— А хіба не бачыш? Вяроўкі раблю.

— Навошта?

— Буду імі вас, чарцей, з балота цягаць ды на рынку па капейцы прадаваць. Вось і зараблю грошай на хату. Вас жа тут хоць гаць гаці.

— Пачакай, Іванка, не рабі гэтага. Што хочаш бяры, а не цягай нас з балота.

— Насып шапку золата, дык не буду чапаць вас.

Нырнуў чорт у балота па золата, а Іван выкапаў глыбокую яму і палажыў на яе сваю парваную шапку. Вынес чорт мяшок золата, высыпаў у шапку, а яно і дна не закрыла… Пакруціў чорт галавою, вынес яшчэ мяшок. Высыпаў — сяк-так напоўніў шапку.

— Ну, падымай! — кажа да Івана. — Я табе памагу, бо сам ты не здолееш.

— Нічога, — кажа Іван, — здолею.

Ды чорт не адступаецца: падымай шапку пры ім!

Падняў Іван шапку, а чорт і ўбачыў, што грошы ў яме.

— Э, не, — затупаў чорт, — ты мяне падмануў! Пайду да старшага: як ён скажа, так і будзе.

Пайшоў чорт да свайго старшага. Той выслухаў яго і паслаў да Івана на расправу самага дужага чорта — Крэпкага.

Выскачыў чорт Крэпкі з балота, кажа Івану:

— Хто каго здужае, таму і золата застанецца.

Паглядзеў Іван на чорта Крэпкага. «Не вельмі, — думае, — лёгка цябе здужаць!» Але выгляду не падае, што спужаўся. Азірнуўся навокал, бачыць: недалёка, пад елкай, мядзведзь ляжыць.

— Што ж, — кажа Іван чорту, — ці варта мне самому з табою дужацца? Баюся, што ты пасля такой дужанкі і касцей не збярэш. Вунь, пад елкаю, ляжыць мой стары дзед, падужайся спярша з ім: паглядзім, якая ў цябе сіла.

Падбег чорт да мядзведзя:

— Гэй, стары, давай дужацца!

Мядзведзь устаў, схапіў чорта і пачаў ламаць — той ледзь жывы застаўся. Кінуў дужанку, пабег да старшага і расказаў яму, што нават стары Іванаў дзед перамог яго…

Пасылае тады старшы чорт да Івана свайго лепшага бегуна — Шыбкага.

Выскачыў той з балота, кажа Івану:

— Давай бегчы навыперадкі: хто каго перагоніць, таму і золата.

Паглядзеў Іван навокал, бачыць — пад кустом ляжыць заяц.

— Э, — кажа ён да чорта Шыбкага, — ты вунь спярша перагані майго меншага сынка, тады ўжо да мяне ідзі.

Кінуўся чорт Шыбкі да зайца. А той напужаўся ды як драпануў па кустах, дык немаведама дзе і падзеўся.

Пагайсаў чорт туды-сюды, не дагнаў зайца. Вярнуўся назад да старшага. Узлаваўся старшы, пасылае да Івана трэцяга чорта — Свістуна.

Выскачыў Свістун з балота і кажа Івану:

— Хто каго перасвішча, таго і грошы.

— Добра, — згадзіўся Іван, — свішчы!

Свіснуў чорт, ды так моцна, што аж балота задрыжала, лес асыпаўся…

Прыйшла чарга свістаць Івану. Ён падумаў і кажа:

— Вось што, Свістун: завяжы ты лепш вочы, бо я калі свісну, дык яны ў цябе на лоб вылезуць.

Чорт спужаўся, завязаў хусткаю вочы.

— Свішчы! — кажа.

Тут Іван падняў даўбешку ды як свіснуў чорту ў лоб, — той аж прысеў.

— Пачакай, — кажа Іван, — гэта я яшчэ толькі паціхеньку свіснуў… Давай яшчэ раз свісну, мацней.

— О не! — заенчыў чорт. — Хопіць з мяне і гэтага свісту. Бяры сабе грошы, толькі больш не свішчы.

Забраў Іван золата ды пайшоў дадому.

Источник: https://be.wikisource.org

Leave a Reply