Самы мудры – «Беларускія народныя казкі».
У аднаго палкоўніка здох любімы конь. Пабедаваў палкоўнік ды паслаў дзяншчыка шукаць шкурадзёра.
Прыйшоў дзяншчык у вёску. Каго ні пакліча, усе адмаўляюцца. «Не навучаны, — кажуць, — мы гэтым займацца. Схадзі ты, чалавеча, да панскага цівуна, ён на такія штукі майстар: здзярэ так, што лепш і не трэба».
«Жартуюць, — думае дзяншчык, — які ж гэта цівун згодзіцца з дохлага каня шкуру здзіраць?»
А трэба палкоўніцкі загад выконваць.
Пайшоў дзяншчык да цівуна.
— Хто тут у вас самы мудры? — пытаецца. — Палкоўнік хоча яго ўзнагародзіць.
Пачуў цівун пра ўзнагароду і кажа:
— Ды, здаецца, апрача мяне, нікога няма. Я за ўсіх мудрэйшы.
— Ну, дык хадзем хутчэй, — сказаў дзяншчык і пацягнуў цівуна ў полк.
Прыйшлі да палкоўніка.
— Вось, пан палкоўнік, — кажа дзяншчык, — самага мудрага шкурадзёра знайшоў.
Вылупіў цівун вочы, хацеў нешта сказаць, а палкоўнік нож яму ў рукі:
— Ідзі злупі шкуру з каня! Кругом! Шагам марш!
Сагнуўся цівун, прыкусіў язык і пайшоў шкуру здзіраць.
З таго часу ўжо болей не лічыў ён сябе самым мудрым.
Иллюстратор: Валерий Слаук.