Як пана віншавалі — «Беларускія народныя казкі».
Нарадзіўся ў пана сын.
Даведаўся пра гэта аканом. «Трэба,— думае,— павіншаваць пана».
Паклікаў ён старасту, лёкая і фурмана ды кажа ім:
— Пойдзем віншаваць пана з сынам. Я буду гаварыць першы, а ты, стараста, скажаш за мною: «З усім дваром», а ты, лёкай: «З дзецьмі і з жонкаю», а ты, фурман: «І з усім сваім набыткам». Зразумелі?
— Зразумелі!
— Толькі ж, глядзіце, гаварыце шчыра, ад душы. Калі ўсё ўдала скажаце, дык пан узнагародзіць нас.
— Добра,— кажуць слугі. — Мы ад душы павіншуем пана. Бо хто ж яго больш любіць, як не мы!
А каб не ісці да пана ў такі дзень з пустымі рукамі, аканом напакаваў рэшата яек і загадаў парабку несці.
Сабраліся так ды і пайшлі пана віншаваць: спераду парабак з рэшатам яек, за парабкам аканом, за аканомам — стараста, за старастам — лёкай, за лёкаем — фурман.
Падышлі да панскіх пакояў. Тут раптам у парабка развязалася абора ад лапця. Аканом наступіў на абору — парабак так і грымнуўся кулём цераз парог з рэшатам яек…
Як убачыў гэта аканом, забыўся на ўсё ды крыкнуў са злосці:
— Бадай ты прапаў!
Стараста не дачуў, што сказаў аканом, і падхапіў шчыра, ад душы:
— З усім дваром!
Лёкай пакланіўся нізка і запеў салодкім голасам:
— З дзецьмі і з жонкаю!
А фурман грымнуў басам на ўсё горла:
— І з усім сваім набыткам!
Пан як пачуў такое віншаванне, дык у яго і вочы на лоб палезлі.
Иллюстратор: Валерий Слаук.