Як мужык царскага генерала правучыў — «Беларускія народныя казкі».
Капаў мужык склеп і выкапаў кавалак золата. Ачысціў яго ад пяску і думае: «Што ж мне з ім рабіць? Занесці пану, дык пан адбярэ і нічога за яго не дасць. Занесці карчмару, дык той ашукае: скажа, што гэга не золата.
Пакінуць дома — могуць зладзеі ўкрасці… Не, панясу лепш самому цару. Што ён дасць, тое і вазьму».
Апрануў мужык новую світку, абуў новыя лапці і панёс цару золата.
Можа, тыдзень ішоў, можа, два,— прыходзіць нарэшце ў царскую сталіцу. Падышоў да царскага палаца.
— Куды, дзядзька, ідзеш? — спытаў яго вартавы салдат.
— Да цара, служывенькі.
— Чаго?
— Ды вось нясу яму кавалак золата.
Салдат прапусціў мужыка за браму.
Падышоў ён да царскіх пакояў. А там на варце сам царскі генерал стаіць.
— Куды, мужык, лезеш? — грозна закрычаў генерал на мужыка.
— Да цара,— кажа мужык.
— Чаго?
— Ды вось, капаў я склеп на агародзе і выкапаў кавалак золата. Дык нясу цару — можа, ён што дасць за яго.
— Пакажы,— кажа генерал,— золата.
Паказаў яму мужык золата. Паглядзеў генерал: праўда, што золата.
Падумаў генерал, паскуб сябе за вусы і кажа:
— Калі дасі мне палавіну таго, што табе цар за золата дасць, дык пушчу, а не — дык ідзі назад.
— Добра, панок, дам! — кажа мужык.
Генерал далажыў цару. Цар выйшаў, забраў золата і пытаецца ў мужыка:
— Што ж табе, мужычок, даць за яго?
— А нічога, царочак-паночак. Калі ёсць чым пачаставаць, то пачастуй: бо я з вялікай дарогі, дужа есці захацеў.
Цар загадаў, і слугі прынеслі мужыку каравай белага хлеба і бутэльку віна.
Паглядзеў мужык на далікатны пачастунак і кажа:
— Царочак-паночак! Мой дзед і прадзед такога хлеба не елі, такога віна не пілі,— і я да гэтага не прывык. Ці няма ў цябе салдацкага хлеба і простай гарэлкі?
Прынеслі мужыку чорнага салдацкага хлеба і гарэлкі. Наеўся, падпіў трохі і дзякуе цару.
— Ну, а што яшчэ ты хочаш, мужычок?
— А нічога, царочак-паночак. Цяпер дазволь паскакаць трохі ў тваіх пакоях.
— Гэй, музыку! — клікнуў цар.
Прыйшла палкавая музыка.
— Не,— кажа мужык,— я пад такую музыку не ўмею скакаць.
— А пад якую ж ты ўмееш?
— Пад дуду.
Знайшлі дудара з дудою. Зайграў дудар, а мужык як пайшоў скакаць, аж царскія пакоі трасуцца. Наскакаўся ўволю, усе лапці стаптаў, а потым кажа:
— До.
Дудар перастаў іграць.
— А цяпер, царочак-паночак,— кажа мужык,— ёсць у мяне яшчэ адна, апошняя просьба.
— Якая?
— Ды вось я табе тут нашумеў, насмяціў сваімі лапцямі,— дык дай мне за гэта сто розаг.
— Навошта табе розгі? — кажа цар.— Ты ж мне золата прынёс!
— Не, царочак-паночак, дай розаг, бо я ад цябе так не пайду.
Ну, рабіць няма чаго. Паклікаў цар катаў з розгамі. Палажылі мужыка на ўслон. Каты намачылі розгі ў салёнай вадзе і падрыхтаваліся біць яго.
А мужык раптам як закрычыць:
— Пачакай, царочак-паночак! У мяне ёсць палавіннік.
— Які палавіннік?
— Ды вось, калі я ішоў да цябе, дык мяне тут адзін твой генерал не пускаў. «Калі дасі,— кажа,— палавіну таго, што табе цар дасць за золата, то пушчу». Я абяцаў яму аддаць палавіну. Дык дайце яму першаму яго палавіну — усё ж ён не мне раўня, я яму сваю чаргу мушу пераступіць.
Прывялі генерала. Убачыў ён розгі, задрыжаў, пачаў нешта гаварыць, ды язык яго не слухаецца.
А мужык кажа:
— Не бойся, панок-генерал, я цябе не ашукаю: тваю долю спаўна аддаю. Дайце яму пяцьдзесят, а потым рэшту мне.
Раздзелі генерала, палажылі на ўслоне і пачалі лупцаваць розгамі.
Як налічылі роўна пяцьдзесят, мужык кажа:
— Царочак-паночак! Ён табе добра служыць, дай яму і маю палавіну. Мне не шкада.
Далі генералу яшчэ пяцьдзесят розаг. А мужык шапку ў ахапку ды за парог.
Источник: https://be.wikisource.org