Як Сцёпка з панам гаварыў — «Беларускія народныя казкі».
Жыў некалі адзін пан, ды такі злосны, што бяда: ніхто не мог яму дагадзіць. Усе яго баяліся, як чорта. Бывала, прыйдзе да яго хто што-небудзь прасіць, а ён як крыкне: «Што скажаш?» — дык той ад страху забудзецца і аб сваёй просьбе.
— Нічога, паночку, усё добра,— адказвае бядак калоцячыся.
— А па добрым што?
— Не ведаю, паночку…
— На стайню яго, гэтага галгана! — раве пан.— Даць яму розаг, каб больш сюды не хадзіў!
Іначай той пан і не ўмеў з людзьмі гаварыць. I людзі баяліся з ім гаварыць, бо скажаш што не так — да смерці засячэ.
Аднойчы гуляў пан у карты і выйграў у суседняга пана маёнтак. Было гэта вясною. Сабраўся пан ды паехаў аглядаць свой новы маёнтак. Як паехаў, дык і застаўся там на ўсё лета: вельмі ж яму спадабаўся новы маёнтак. Праўду бо кажуць, што новае сіта на калочку вісіць, а старое пад лавай ляжыць.
Тым часам у старым маёнтку нарабілася шмат бяды. «Як жа,— думае аканом,— сказаць пану пра бяду?» Сам ехаць да яго баіцца. Надумаўся ён паслаць каго з дваровых. Ды няма ахвотніка. Каму хочацца дастаць ад пана лішніх розаг?
А жыў там адзін чалавек. З выгляду так сабе — недалужны, затое на язык бойкі: за словам у кішэнь не лезе. Імя ён меў Сцяпан, але ўсе звалі яго проста Сцёпка. Малы, бач, ён быў ростам і шчуплы.
Дачуўся Сцёпка, што аканом шукае пасланца да пана, прыйшоў да яго і кажа:
— Пашліце мяне — я ўмею з панам гаварыць.
Рад аканом, ледзь не цалуе Сцёпку. Даў ён яму хлеба, сала, цэлую жменю медзякоў і выправіў у дарогу.
Ідзе Сцёпка, медзякамі пазвоньвае, ніводнай карчмы не мінае.
Доўга ішоў ён ці коратка, прыходзіць нарэшце ў новы маёнтак. Хацеў Сцёпка проста ў панскі дом ісці, ды лёкай спыніў:
— Ты чаго тут, валацуга, цягаешся! I нацкаваў на яго сабак.
Сцёпка дастаў з торбачкі кавалак хлеба, кінуў сабакам. Тыя і перасталі брахаць. Тады Сцёпка зноў падышоў да ганка.
— Што табе трэба? — крычыць лёкай.— Тут сам пан жыве!
Сцёпка пакланіўся лёкаю і кажа:
— А мой паночку, а мой даражэнькі, вось жа мне і патрэбен гэты сам пан. Я прыйшоў да яго са старога маёнтка.
Лёкай памякчэў.
— Добра,— кажа,— я далажу пану пра цябе. Але скажы ж ты мне, адкуль ты ведаеш, што і я — пан?
— Гм,— хітра кашлянуў Сцёпка,— бачу: ты пан не пан, а так сабе паўпанак, бо ў цябе лоб нізкі, нос слізкі, от і відаць, што лізаў панскія міскі.
Узлаваўся лёкай, схапіў Сцёпку за каўнер ды давай тузаць. Убачыў гэта пан з акна і паклікаў лёкая да сябе.
— Які там хлоп? — пытаецца пан у лёкая.
— Ды валацуга нейкі са старога панскага маёнтка,— адказаў лёкай і нізка пакланіўся пану.
Пан успомніў, што даўно не быў у старым маёнтку.
— Пакліч яго сюды,— загадаў ён лёкаю. Пабег лёкай клікаць Сцёпку, а той дастаў капшук, набіў люльку тытунём ды пачаў агонь крэсіць. Выкрасіў агню, закурыў люлечку. Курыць ды паплёўвае на чысты панскі ганак.
— Ідзі ў пакоі, цябе пан кліча! — крычыць яму лёкай.
— Не трасца пана трасе, пачакае,— адказвае Сцёпка і пакурвае сабе люлечку.
— Ды хутчэй жа ты! — злуецца лёкай.—.. А то пан цябе розгамі засячэ…
— Не засячэ! Вось дакуру люльку, тады і пайду.
Чакаў, чакаў пан Сцёпку, не дачакаўся. Кліча зноў лёкая:
— Чаму хлоп не ідзе?
— Люльку, пане, курыць.
Пан узлаваўся:
— Гані яго сюды!
Сцёпка дакурыў люльку, выбіў з яе попел, схаваў за пазуху і толькі тады падаўся памаленьку ў панскія пакоі. Лёкай бяжыць наперадзе, адчыняе Сцёпку дзверы, як пану.
Увайшоў Сцёпка да пана ды і закашляўся пасля моцнага тытуню. Кашляе, а пан чакае, толькі злосна вачыма зіркае. Адкашляўся сяк-так Сцёпка і кажа:
— Добры дзень, паночку!
— Што скажаш? — хмурыцца пан.
— Усё добра, паночку.
— А па добрым што?
— Ды вось, паночку, прыслаў мяне аканом. Бачыце, панскі сцізорык зламаўся.
— Які сцізорык?
— Ды, мабыць, той, якім пану пёры вастрылі.
— Як жа яго зламалі?
— Кажуць жа, пане, што без начыння і лапця не спляцеш. А ўсялякае начынне пры рабоце псуецца. Вось так і панскі сцізорык. Хацелі пану на боты злупіць з выжла шкуру, узялі сцізорык. Але на панскім выжле вельмі ж моцная шкура была. Ну, сцізорык і зламаўся.
— Якога выжла? Што ты пляцеш, галган? — закрычаў злосна пан і хацеў ужо загадаць слугам, каб забралі Сцёпку на стайню і далі розаг. Але Сцёпка пачаў расказваць далей:
— Панскі выжал, гэта той самы, можа, пан памятае, што ўскочыў быў у студню, а Мікіту пасылалі даставаць, дык ён і ўтапіўся там. Эге ж, той самы выжал, што пан любіў яго браць на паляванне. Здаецца, калі не мыляюся, пан аддаў за таго выжла суседняму пану трох мужыкоў…
— Што ж, мой лепшы выжал здох?
— Здох, пане.
— З чаго ж ён здох?
— Каніны аб’еўся, дык адразу і ногі выпруціў.
— Якой каніны?
— Ды мяса жарабца.
— Якога жарабца?
— Панскага ж буланага жарабца, з лысінкаю.
— Што ж, і ён здох?
— Здох, пане. А шкада, добры жарабец быў.
— О, я нешчаслівы!
— Э, пане, чаго турбавацца. Ужо ж ведама, калі жарабятка ўродзіцца з лысінкаю, то яно ці здохне, ці яго воўк з’есць.
— З чаго ж жарабец здох?
— Падарваўся, мабыць.
— Што ж на ім рабілі? Шпарка ездзілі, ці што?
— Ды не, пане, на ім не ездзілі, ён заўсёды на стайні стаяў.
— А што ж?
— Ваду, пане, вазілі.
— Але ж нашто была тая вада?
— Людзі ж кажуць, паночку, што як то пішся, дык і за брытву ўхопішся. Як загарэўся панскі свінушнік, дык аканом загадаў і на жарабцы ваду вазіць.
— Што ж, і свінушнік згарэў?
— Згарэў, пане.
— Як жа ён загарэўся?
— Бачыш, пане, ён быў блізка каля аборы, дык ад яе і загарэўся.
— То і абора згарэла?
— Згарэла, пане, як свечка.
— З чаго ж яна загарэлася?
— Вось гэтага, паночку, добра не ведаю: ці ад абозні, ці мо ад пакояў.
— О, то і пакоі згарэлі?
— Згарэлі, пане, начыста, от быццам хто языком злізаў.
— I ўвесь двор згарэў?
— Увесь, пане: чыста, гладка, хоць рэпу сей.
Ухапіўся пан за галаву ды давай божкаць.
— Але з чаго ж загарэліся пакоі? — зноў пытаецца пан у Сцёпкі.
— Ад свечак, пане.
— Для чаго ж паліліся свечкі?
— Ну як жа, пане, вядома, заўсёды свечкі паляць, як хто памрэ.
— Хто ж там памёр?
— Вечны пакой, каб ёй на тым свеце лёгка ікнулася,— пані памерла.
— Што, што ты кажаш?.. Пані памерла?! Пачуўшы такія навіны, пан зваліўся з крэсла, а Сцёпка закурыў люлечку ды падаўся сабе дахаты.