Старыя, як малыя — «Беларускія народныя казкі».
Пасвілі ў адной вёсцы авечак два пастухі — Дзямʼян і Раман. Абодва немаладыя ўжо.
Дзямʼян быў чалавек справядлівы, работу сваю рабіў сумленна. А Раман усё хітраваў. Бегаць за авечкамі ленаваўся: то ў яго нага раптам забаліць, то жывот схопіць. А што лепшае ў торбу трапляла ад гаспадароў — першы зʼядаў.
Не падабаўся Дзямʼяну яго таварыш. Ды што зробіш? Цярпеў да пары да часу.
Аднаго разу ў свята гаспадары расшчодрыліся і паклалі пастухам у торбу з дзясятак яек і добры кавалак сала.
Узялі старыя пастухі з сабою патэльню і пачалі ў полі агонь раскладаць, каб яечню пячы. Гамоняць пра тое ды сёе. Світкі паскідалі — цёпла стала каля агню.
— А помніш, як мы з табою малыя былі? — кажа Раман.
— Дзіва што помню, — адказвае Дзямʼян. — Ты тады ўсё ў чужыя сады лазіў… І авечак мы з табою таксама разам тады пасвілі.
— Але,— згаджаецца Раман. — А помніш, як мы гаварылі тады? Не так, як цяпер.
— Пэўна ж не так. На авечак казалі авецацкі, на агонь — жыжа або зыза…
— Дык давай, братка Дзямʼян, і цяпер так пагаворым. Гэта ж вельмі цікава.
— Давай.
І пачалі яны гаварыць, як малыя.
— Ты, Раманацка, кладзі галавесацкі, а я нарэзу сквалацак у яецаньку.
— Добра, Дзямʼянацка. Налэз сквалацак.
Як толькі спяклася яечня, Раман глянуў на авечак і кажа:
— Дзямʼянацка! Вунь авецацкі ў яцмені… Бязы адгані. А я яецаньку павалтую.
Усхапіўся паслухмяны Дзямʼян і пабег да авечак. А хітры Раман тым часам хоп-хоп і зʼеў усё яечню з салам…
Вярнуўся Дзямʼян. Глядзіць — патэльня пустая.
— А дзе ж яецанька? — пытаецца.
— Жыжа гам-гам, — адказвае Раман і аблізваецца.
Ну, жыжа дык жыжа. Нічога не зробіш.
Паселі яны ды зноў гамоняць, як малыя. А тут авечкі — шусь у той жа ячмень.
— Бязы, Дзямʼянацка, адгані іх далей, — кажа Раман.
— Не, — упёрся Дзямʼян. — Цяпел твая цалга…
— У мяне зывот баліць…
— А ты не зыватом, а нагамі бязы.
Давялося на гэты раз Раману самому бегчы да авечак. А Дзямʼян тым часам хоп новую Раманаву світку ды ў агонь…
Вярнуўся Раман. Бачыць — світкі няма.
— А дзе з мая світка, Дзямʼянацка?
— Яе жыжа гам-гам… — развёў рукамі Дзямʼян.
Узлаваўся Раман і падаў на Дзямʼяна ў суд за тое, што спаліў новую яго світку.
Выклікае суддзя Дзямʼяна і Рамана на суд.
— Ты, Дзямʼян, навошта спаліў Раманаву світку? — пытаецца.
— Пан суддзя, — кажа Дзямʼян, — запытайце лепш у яго, калі гэта было.
— А ці ж ён, гіцаль, не помніць? — кажа Раман. — Бачыш, памяць у яго адабрала, як я ў суд падаў? Гэта было, пан суддзя, тады, калі мы малымі былі, па-дзіцячаму гаманілі ў полі каля агню. Няхай успомніць.
— Але, — кажа Дзямʼян, — гэта было мо з паўсотні гадоў таму назад…
Узлаваўся суддзя на Рамана, закрычаў:
— Што ж ты, стары дурань, мне даўнейшае ўспамінаеш? Трэба было тады і на суд падаваць, а не цяпер!
І выгнаў Рамана з суда.
Перастаў ён з таго часу хітрыкамі займацца.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_9865