Сляпы, глухі і бязногі — «Беларускія народныя казкі».
Жылі ў адной вёсцы сляпы, глухі і бязногі.
Пачалася ў тым краі вайна. Людзі пабралі сваё дабро ды падаліся ў лес ад вайны хавацца.
Сляпы чуе, што статак рыкае на вуліцы, калёсы грукацяць на грэблі, людзі крычаць ды некуды бягуць, але нічога не бачыць, што робіцца.
Глухі сядзіць на загуменні ў халадку пад ліпаю і пляце лапці. Ён бачыць, што за вёскаю падняўся пыл ад калёс, людзі кудысьці спяшаюцца, але нічога не ведае, што робіцца.
Бязногі ўсё бачыць і чуе, ды сам зрушыцца з месца не можа: сядзіць на прызбе, мух адганяе.
Тым часам уварваліся ў вёску ворагі. Ператрэслі ўсё, забралі хлеб і што з дабра засталося, падпалілі хаты ды пайшлі далей.
Гарыць вёска, як сухая салома, і няма каму яе ратаваць.
Сляпы куды ні сунецца, усё на агонь натыкаецца. Пачаў ён крычаць, на дапамогу клікаць. Пачуў яго бязногі. Але і самому яму няма ратунку ад агню.
Скаціўся бязногі з прызбы ды папоўз на руках на загуменне. Убачыў там глухога. Пачаў яму тлумачыць, што трэба сляпога ратаваць. Ды глухі не разумее, што бязногі ад яго хоча. Узлез тады бязногі глухому на плечы і паказвае, куды яму ісці. Дайшлі яны гэтак да сляпога. Узяў глухі сляпога за руку і вывеў з агню.
Згарэла вёска ўшчэнт: ні кала ні двара не засталося.
Пачалі сляпы, глухі і бязногі раіцца, як ім далей жыць. І парашылі больш не пакідаць адзін аднаго ў бядзе, а рабіць усё згодна, як адзін чалавек.
Пайшоў глухі на загуменне, знайшоў там старую каламажку. Сеў бязногі ў каламажку, а сляпы і глухі ўзяліся за аглоблі.
Сляпы і глухі вязуць каламажку, а бязногі сядзіць і кіруе. І едуць яны як мае быць: дзе яма, там пакажа глухі, дзе выюць галодныя ваўкі, там перасцеражэ сляпы, бо слых у сляпога самы чуткі, а дзе трэба ў сустрэчнага запытаць дарогі, там паможа бязногі.
Падʼехалі яны гэтак да адной уцалелай вёскі. А ў ёй ні жывой душы. Бязногі застаўся сядзець у каламажцы, а сляпы і глухі пабраліся за рукі і пайшлі шукаць якой-небудзь спажывы.
Чуе сляпы — цурчыць недалёка вада. Штурхнуў ён глухога пад бок, той паглядзеў навакол і ўбачыў крыніцу пад вярбою. Напіліся яны вады, набралі ў запас і пайшлі далей.
Бачыць глухі — кружацца каля аднаго двара вароны і сарокі. Пайшоў ён туды з таварышам, паглядзеў, а там поўна сыраў у клеці! Забралі яны сыры і рушылі назад.
Чуе па дарозе сляпы — пішчаць дзесьці парасяты. Паштурхаў ён глухога, той азірнуўся і ўбачыў на адным двары парасят.
Гэтак знайшлі яны ўсё, што ім трэба, ды засталіся жыць у той вёсцы, пакуль не вернуцца людзі. Удзень на сонейку грэюцца, а ўночы залезуць у гумно ў салому ды спяць спакойна.
Сляпы не бачыць, затое добра чуе, і ніхто блізка да іх не падкрадзецца. Глухі не чуе, затое бачыць, як арол. Заўважаць яны якую небяспеку, схопяць бязногага ды ў схованку.
Так пражылі сляпы, глухі і бязногі, пакуль не скончылася вайна. Вярнуліся людзі ў вёску, знайшлі іх і дзівяцца.
— Як гэта вы, калекамі будучы, перажылі такі ліхі час?
— Бо мы былі між сабою ў згодзе, як адзін чалавек, дык і перажылі, — адказалі сляпы, глухі і бязногі.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_9378