Дурная пані і «разумны» пан — «Беларускія народныя казкі».
Быў адзін мужык. Да ўсяго спрыцён. Што ні надумаецца — тое і зробіць. І ўсё яму гладка ўдавалася.
Захацелася яму з паноў пажартаваць. Пайшоў ён на панскі двор. Бачыць: ходзіць па двары белая свіння з парасятамі. Мужык зняў шапку, пачаў кланяцца свінні.
Убачыла гэта пані з балкона.
— Чаго ты, мужык, кланяешся маёй Белцы? — пытаецца.
Мужык пачухаў патыліцу ды кажа заклапочана:
— Бачыш, панечка, справа якая: ваша Белка даводзіцца маёй Рабцы роднай цёткай. Рабка выходзіць замуж, дык прыслала мяне запрасіць цётку на вяселле. А цётка нешта ўсё гнецца, не хоча ісці. Вось я ёй і кланяюся…
— А я і не ведала, што ў маёй Белкі ёсць пляменніца! — здзівілася пані.
— Ёсць, ёсць! — кажа мужык.— Яна такая ж добрая, ціхая ды рахманая, як і яе цётка.
— Дык як жа ты яе — павядзеш ці павязеш? — пытаецца пані.
— Павяду, панечка: няма ў мяне на чым везці.
— А парасяты як — дома застануцца?
— Не, панечка. Рабка запрашала цётку з дзеткамі…
— Дык жа яны малыя: ці дойдуць?
— Так, так, панечка,— кажа мужык,— могуць і не дайсці: дарога не блізкая.
— Дык я загадаю, каб запрэглі каня.
— Вядома, панечка, на возе ім лепш было б: ўсё ж яны не простыя парасяты, а панскія.
Тут як бачыш падалі мужыку павозку. Звязаў ён Белку, палажыў на воз, а парасят паўкідаў у мяшок.
— Ці скора ж чакаць Белку з дзеткамі з вяселля?— пытаецца пані.
— А так пасля дожджыку ў чацвер,— адказаў мужык.
Сеў ён на воз і паехаў дахаты.
Вярнуўся пан з палявання. Пані яму і расказала, што іх Белка паехала на вяселле да племянніцы і вернецца пасля дожджыку ў чацвер.
— Ах,— кажа пан,— якая ж ты дурная! Падмануў цябе мужык: прападзе і свіння з парасятамі, і фурманка. Ну, ды мяне ён не абдурыць!
Загадаў пан запрэгчы тройку коней, сеў з фурманом і памчаўся даганяць мужыка.
Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць.
Пачуў мужык званок і думае: «Ці не пагоня гэта?» Звярнуў каня ў лес, прывязаў да дрэва. А сам выйшаў на дарогу, накрыў шапкаю жабу і сеў каля яе, аберуч за шапку трымаючыся.
Пад’ехаў пан.
— Набок! — крычыць мужыку.
— Не, панок,— кажа мужык,— аб’язджайце вы, бо мне нельга з гэтага месца сысці.
Аб’ехаў пан, потым спыніўся і пытаецца:
— Гэй, мужык, ці не бачыў ты тут чалавека з свіннёю і з парасятамі?
— Бачыў, пане.
— А ведаеш, куды ён паехаў?
— Ведаю, панок.
— Дык пакажы нам дарогу.
— Не магу, панок, рук падняць. Я лепш раскажу вам: едзьце проста, потым завернеце крута-крута направа, потым крута-крута налева і гэтак далей.
Пан пытаецца ў фурмана:
— Зразумеў?
— Не, пане.
Тады пан пытаецца ў мужыка:
— А ты сам дагнаў бы яго?
— Чаму ж не! Я яго як бачыш дагнаў бы!
— Дык дагані, я табе заплачу.
— Не магу. Мне няможна нават з месца скрануцца.
— Чаму?
— Ды гэта ж, бачыце, якая справа: ехаў гэтай дарогай мой пан, сустрэўся з другім панам, а той падарыў яму заморскага шчыгла. Дык пан загадаў мне вартаваць шчыгла, пакуль ён не вернецца.
— Ну, то едзь ты з маім фурманом, а я буду вартаваць шчыгла,— кажа пан.
— Не, пане, не магу: ты выпусціш шчыгла, тады мне бяда будзе.
— Ну, дык я буду вартаваць з фурманом, а ты даганяй адзін.
— Не, не магу…
— То на табе сто рублёў — толькі даганяй.
Падумаў мужык і кажа:
— Добра. Але глядзіце ж — мацней трымайце шапку, каб шчыгол не вылецеў!
Узяў мужык сто рублёў, сеў у панскую карэту і паехаў. Па дарозе адчапіў званок, заехаў у лес, забраў падводу з Белкаю ды рушыў дахаты.
Сядзяць пан з фурманом над шапкаю з гадзіну — няма мужыка. Пачакалі яшчэ гадзіну — нікога не чуваць. Фурман пакруціў галавою і кажа:
— Пані была дурная — аддала мужыку каня з Белкаю і парасятамі, а пан яшчэ дурнейшы: аддаў за нейкага заморскага шчыгла тройку лепшых коней з карэтаю ды яшчэ сто рублёў у прыдачу.
Пан узлаваўся:
— Што ты брэшаш, галган! Не можа таго быць, каб мужык перахітрыў мяне! Я калі дам аб’яву, дык адразу даведаюся, чый шчыгол, і тады знайду мужыка.
Сядзелі яны, сядзелі над шапкаю, а тут ужо і звечарэла. Фурман і кажа:
— Пане, есці хочацца. Пара дадому…
Пану таксама есці захацелася, ды і рукі знямелі. Ён і кажа:
— Возьмем шчыгла і пойдзем. А там я знайду гэтага мужыка! Ну, я шапку буду падымаць, а ты лаві шчыгла.
— Ой, пане,— калоціцца фурман,— баюся: яшчэ выпушчу.
— Ну, дык ты падымай шапку, а я лавіць буду. Я не такі разявака, як ты!
Прыўзняў фурман шапку, а пан цоп абедзвюма рукамі за жабу!
Агледзеўся пан ды як закрычыць, як замахае рукамі…
А фурман смяецца, узяўшыся ў бокі:
— Ці не казаў я, што пані дурная, а пан яшчэ дурнейшы!
— Маўчы,— просіць пан фурмана,— не кажы хоць пані…
І павалокся пан дадому як мыла з’еўшы.
Источник: https://be.wikisource.org