Кулак і парабак — «Беларускія народныя казкі».
Жыў-быў скупы і хітры кулак. Парабкі працавалі на яго ад цямна да цямна. А карміў ён іх толькі адзін раз у дзень.
Вось як гэта было. Пасадзіць кулак парабка снедаць. А снедання дасць з камарыны нос. Паснедае парабак і нават не пачуе — было што ў роце ці не.
Тады кулак пытаецца ў яго:
— Можа, паабедаеш заадно? Бо няма чаго табе даваць у торбу.
— Добра, — згаджаецца парабак, — давай і абед.
Зʼесць парабак і абед, а кулак зноў пытаецца:
— То, можа, ужо і павячэраеш адным заходам? Як вернешся з работы, не трэба будзе час траціць на вячэру — хутчэй спаць ляжаш.
— Давай і вячэру, — кажа галодны парабак.
Зʼесць парабак і вячэру, а потым цэлы дзень працуе і не еўшы спаць кладзецца.
Шмат перабыло ў скупога кулака парабкаў. Больш тыдня ніхто не мог вытрымаць такога жыцця.
Ды вось знайшоўся адзін парабак, які перахітрыў кулака.
Паснедаў ён, паабедаў, павячэраў ды пытаецца:
— Дзе тут, гаспадар, у вас можна спаць легчы?
— Як гэта спаць? — здзівіўся кулак. — А на работу хто пойдзе?
— Здурнеў ты, гаспадар, ці што? — адказаў парабак. — Дзе ты бачыў, каб пасля вячэры добрыя людзі на работу ішлі? Павячэраўшы, трэба спаць класціся.
Парабак разлёгся на канапе ды моцна захроп.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_10442