Панская гаворка — «Беларускія народныя казкі».
Жылі ў адной вёсцы тры браты. Багатыя былі, а гаварылі, як і ўсе мужыкі, — па-простаму. А ім вельмі хацелася навучыцца гаварыць па-панску.
Сабраліся яны і пайшлі ў маёнтак панскай мове вучыцца. Прыходзяць, а ў пана гасцей поўна.
— Нас да гасцей, — кажа старэйшы брат, — пан не пусціць. Дык мы хоць пад акном паслухаем панскую гаворку. Можа, чаму і навучымся. А каб усім не тырчаць пад акном, давайце будзем слухаць па чарзе, цішком.
Першы падышоў да акна ён сам. Слухаў, слухаў — нічога не разабраў: шумяць паны, як восы ў дупле. А адзін наймацней крычыць:
— То естэм мы! То естэм мы!
— Ага, — зарадаваўся старэйшы брат, — тры словы ўжо ведаю!
Падышоў да акна сярэдні брат. З усяго шуму ён таксама разабраў толькі тры словы:
— Ні за цо! Ні за цо!
А малодшы брат добра пачуў словы:
— Добжэ. Мы пуйдам хоць да дʼябла!
Ну, на першы раз і гэтай навукі братам хапіла. Ідуць яны дахаты, бачаць: на дарозе мярцвяк ляжыць. Сталі браты і глядзяць на мёртвага чалавека. А тут якраз станавы прыстаў едзе. Убачыў мерцвяка і да братоў:
— Гэта вы чалавека забілі?
Браты і думаюць: як жа ім з прыставам гаварыць? Ён жа таксама пан, і, відаць, лепш гаварыць з ім панскаю моваю.
Вось старэйшы брат, набраўшыся панскага гонару, і кажа:
— То естэм мы!
— За што ж вы яго забілі? — пытаецца прыстаў.
— Ні за цо! — умяшаўся ў гаворку сярэдні брат.
Станавы раскрычаўся:
— У Сібір вас, забойцы, заганю!
А меншы брат выпаліў:
— Добжэ. Мы пуйдам хоць да дʼябла!
Вось як добра пагаварылі браты з прыставам на панскай мове.
Источник: https://vk.com/wall-109420523_9546